Анатоль Лябедзька просіць міліцыю вярнуць яму пашпарт
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі накіраваў адпаведны пісьмовы зварот у следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама.
Палітык просіць або закрыць крымінальную справу ў дачыненні да яго, або адмяніць яму забарону на выезд за мяжу. У інтэрв’ю БелаПАН Анатоль Лябедзька таксама ўдакладніў, што дагэтуль ні ён, ні яго адвакат не атрымалі афіцыйны дакумент аб працягу тэрмінаў расследавання крымінальнай справы.
У сваім звароце Лябедзька таксама адзначыў, што забарона на выезд перашкаджае яму выконваць свае службовыя абавязкі старшыні АГП. "У мяне кожны тыдзень паездкі ў рэгіёны запланаваныя, а я не магу выехаць. Таму і прашу зняць забарону і вярнуць мне пашпарт, а таксама асабістыя рэчы", — сказаў ён.
Нагадаем, што старшыня АГП Анатоль Лябедзька быў затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня. Ён абвінавачаны па справе аб "Масавых беспарадках". 6 красавіка яго выпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе.