Арлоў каштуе даражэй за ўсіх беларускіх класікаў
І нават даражэй за Камасутру. Але купляюць.
“За паўдня ў “Акадэмкнізе” прадалі каля сотні асобнікаў. Гэта бліскучы вынік — кнігагандляры ў захапленні!” — кажа аўтар другой часткі кнігі “Краіна Беларусь” — “Вялікае Княства Літоўскае” Уладзімір Арлоў.
Гэта пры тым, што кошт “Вялікага Княства” кусаецца: 350 тысяч рублёў!
Нават самы дарагі варыянт Камасутры ў "Цэнтральнай кнігарні" каштуе на сто тысяч танней.
У “Акадэмкнізе” расказваюць, што попыт на кнігу быў — прынамсі да таго, як кніга з’явілася на паліцах кнігарні: “Попыт быў на кнігу. Кнігу куплялі ўчора многа. Трэба сказаць, што кніга і сапраўды добрай якасці — добрыя ілюстрацыі, вокладка, дарагая папера. Гэта і так дэмакратычны варыянт!” — заўважаюць ў краме.
Аўтар кнігі Уладзімір Арлоў расказвае Еўрарадыё, што цана адэкватная.
“Паверце мне, гэта вельмі танна для такіх кніг, у якіх па 400 старонак і дзве тысячы ілюстрацый. Вельмі добрая якасць кнігі. Мы друкаваліся ў адной з лепшых друкарань Еўропы — у Славакіі. У Беларусі такіх няма. Купляйце зараз, бо потым будуць перапрадаваць, як было з “Краінай Беларуссю”, калі яе перапрадавалі па 50-100 долараў”, — рэкамендуе нам пісьменнік.
Аднак цана некаторых мінскіх гандляроў кнігамі сапраўды бянтэжыць. Як заўважылі ў кнігарні “ЛогвінаЎ”, цана на кнігу Арлова ў дзясяткі разоў перавышае цэны на беларускіх класікаў.
Еўрарадыё: Ці будуць купляць кнігу Арлова за такія грошы?
Прадстаўнік кнігарні "ЛогвінаЎ”: "Па шчырасці, я з вамі згодная. Не ведаю, як будуць купляць — пакажа час. Час ад часу ў нас купляюць дарагія кнігі, на нейкі вялікі падарунак ці каб прэзентаваць краіну за мяжой.
У гэтай кнігарні заўважаюць, што цэны на класіку не вельмі высокія — да прыкладу, Караткевіч каштуе 20.000-30.000 рублёў.
У "Белкнізе", што на вуліцы Маркса, прыцэньваюся да кніжак беларускіх аўтараў. Кошты здзіўляюць: у прадуктовую краму даражэй схадзіць!
Напрыклад, зборнік твораў Шамякіна можна купіць амаль за 80.000 рублёў. Аўтары-сучаснікі каштуюць у межах названых лічбаў. Ёсць нават кнігі па 16-18 тысяч рублёў! Самая дарагая кніжка на паліцы ў адмысловай краме — буйнафарматная Біблія за тры мільёны.
Як заўважае аўтар кнігі Уладзімір Арлоў, аніякага таннага варыянту “для простых людзей" не будзе:
“У кнізе акцэнт зроблены на ілюстрацыі, таму ніякіх танных, чорна-белых варыянтаў. Я думаю, той, хто цікавіцца гісторыяй, набудзе гэтую кніжку”.
Гісторык з 11-гадовым стажам з Брэсту Аляксей з аўтарам пагаджаецца, з агаворкай: “Наўрад ці гэта было б такое імгненнае рашэнне. Але думаю, што большасць простых настаўнікаў гісторыі, нават вельмі зацікаўленых у сваім прадмеце, не купіла б гэту кніжку”.
Дарэчы, паводле слоў аўтара, першае выданне кнігі “Краіна Беларусь” абыйшлося ў 20-25 еўра, што на нашыя грошы гэта каля 250 тысяч.