Астролаг: На Новы год — снежны буран
Метэаролагі чакаюць снегу на каталіцкае Раство, а этнолагі баяцца, што на Новы год узыдуць кветкі. Еўрарадыё склала прагноз надвор’я з дапамогай экспертаў.
“Мяркуем, што ў навагоднюю ноч будзе слабахалоднае надвор’е. У межах 3-5 градусаў марозу. Снегу шмат не будзе, але лёгкі будзе ісці”, — паведамляе добрую навіну галоўны сіноптык гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.
Снег з’явіцца ўжо на каталіцкае Раство — у гэтыя выхадныя. І, мажліва, праляжыць да Новага года, упэўнівае метэаролаг.
“У выхадныя пройдзе снег і мокры снег. Тэмпература наблізіцца да нуля. Будзе доўгачаканы снег, але надвор’е будзе некамфортным. Снег да Новага года будзе падтаваць, але будзе ісці зноў”, — гаворыць Людміла Парашчук.
У знаўцаў прыкметаў свае сродкі прадказваць надвор’е. 19 снежня ў Беларусі адзначаецца Мікола, прыгадвае этнолаг Алена Доўнар-Запольская. Па гэтым дні можна сказаць, якая будзе зіма.
“Мікола ставіць зіму. Сёння надвор’е ідзе да зімы. Па-руску кажуць "зазимкі". Ужо адчуваецца пахаладанне і невялікі мароз”, — кажа Алена Доўнар-Запольская.
Але снегу на Міколу не было. Таму Алена Доўнар-Запольская не чакае добрага снегу і на Новы год. Паводле прыкметаў, халодна не будзе. Тым больш, 5 гадоў таму такая цёплая зіма ўжо была.
“Такія капрызы надвор’я здараюцца часта. Хутчэй за ўсё, тэмпература будзе каля нуля. Пяць гадоў таму на Раство, 8 студзеня, была голая зямля. Людзі хадзілі ў лёгкіх куртках”, — прыгадвае этнолаг.
Будзьце ўважлівыя: 22 снежня — іншы вызначальны для надвор’я дзень. Сонца паварочвае на лета, але гэта не выключае маразоў узімку.
“Набліжаецца дзень сонцастаяння. Гэта ўплывае на прыроду, на ўсё жывое. Сонца паварочвае на лета, а зіма — на мароз. У былыя часы гаспадар у гэты дзень пераварочваў дома ўсе рэчы”.
Паводле астролага Ігара Кірушына, на Новы год будзе моцны снег. Магчыма, нават буран. Пасля святаў настане сапраўдная зіма, якая працягнецца да канца лютага.
“31 снежня і 1 студзеня чакаецца снегапад з моцным ветрам. Хутчэй за ўсё, снег пойдзе ў навагоднюю ноч. Але моцнага холаду не будзе. Далей зіма возьме сваё і тэмпература будзе паступова паніжацца”.
Астролаг раіць загадваць на Новы год жаданні: пазбавіцца ад шкодных звычак, дасягнуць мэтаў у кар’еры ці асабістым жыцці.
А пакуль жа мінчукі загадваюць іншае жаданне — каб выпаў снег, бо святкаваць Новы год пад парасонам і хавацца ад залевы не хочацца.
“Каб мароз быў, каб Новы год адчуваўся. Галоўнае, каб не дождж і шэрасць, як цяпер. Вось мінулы год быў добры, снег быў”, — гаворыць Наталля, якую я сустрэў каля шапіка з навагоднімі падарункамі.
Гэта зіма, паводле метэаролагаў, вельмі цёплая. Тэмпература на 4-6 градусаў вышэй за кліматычную норму. Але пакуль не цяплейшая за зіму 2006 года. Тая была самай цёплай за апошнія 20 гадоў.
Самы халодны Новы год святкавалі ў 1996 і 1997 гадах, самы цёплы — ў 2007 годзе.
“Тады тэмпература была +4 градусы. У навагоднюю ноч яна не апускалася ніжэй за +2, і ўдзень ішоў праліўны дождж. Снегу не было зусім”.
Здаралася нават, што на Новы год узыходзілі кветкі. Так, у 1983 годзе ў дзень свята на плошчы Якуба Коласа ўзыйшлі браткі.
Фота: wpapers.ru