Аўтараў фільма "Сацыяльныя цені" выклічуць у суд?
Рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч была шакаваная пабачанымі кадрамі і разам з юрыстам рыхтуе зварот да БТ.
22 жніўня па БТ быў паказаны фільм пад назвай "Сацыяльныя цені". У ім "выкрываліся" арганізатары "маўклівых акцый". “Да чаго прыводзяць гульні ў інтэрнэт-рэвалюцыю?” — пытаюцца аўтары фільма і паказваюць страшныя кадры з Лівіі, якія, верагодна, многіх шакавалі. Вядомая рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч вырашыла даведацца, хто ж стварыў гэты фільм і прыцягнуць іх да адказнасці.
110825 LyashkevichS.mp3
Ляшкевіч: Так атрымалася, што я ўсю праграму не бачыла, я уключыла толькі яе канец і пабачанае ў дзіцячы час мяне шакавала. Былі паказаныя страшэнныя дакументальныя кадры знявечаных целаў дзяцей, жанчын, якія былі зроблены ў Лівіі. У любой нармальнай краіне, ды і ў нашай таксама, паводле заканадаўства, падобныя кадры не павінны паказвацца ў такі час. Калі раптам, з нейкай неверагоднай прычыны іх павінны паказваць, нас павінны прынамсі папярэдзіць пра тое, што зараз будзе. А голас з экрана цалкам істэрычна, надрыўна крычаў: “Глядзіце — глядзіце, вы гэтага хочаце”...
Ведаеце, на мяне гэта зрабіла моцнае ўражанне. У нас, наколькі я ведаю, ёсць цудоўны камітэт па маральнасці, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец. Думаю, час яму ўжо працаваць па-сапраўднаму. Бо гэта недапушчальна ні з пункту гледжання чалавечай этыкі, ні з пункту гледжання журналісцкай этыкі. Ні з пункту гледжання нашага заканадаўства.
Еўрарадыё: Куды вы збіраецеся падаваць скаргі?
Ляшкевіч: Мы звернемся да кіраўніцтва БТ. Па-першае, я хачу даведацца імёны людзей, якія гэта робяць. Паказваюцца жудасныя кадры. Проста абуральна кепская журналістыка, я не закранаю нават момантаў ідэалогіі таго, пра што там казалася. Таму спачатку мне б хацелася даведацца імёны гэтых людзей, хто выпусціў у эфір гэтую праграму. Вядома, мы будзем звяртацца і да Чаргінца. І калі БТ не прынясе прабачэнні, не зробіць высновы, не пакарае гэтых людзей, то трэба будзе ісці ў суд, бо гэта проста непрымальна”.
Еўрарадыё: Вы разлічваеце на тое, што БТ прынясе прабачэнні, ці справа ўсё ж дойдзе да суда?
Ляшкевіч: Як людзі разумныя, яны павінны былі б зрабіць гэта. Магчыма, адбудзецца цуд, але гэта малаверагодна, таму давядзецца ісці ў суд. Але спыняцца нельга, бо мы ўсе вельмі шмат кажам пра тое, што трэба рабіць. Пэўна, прыйшоў час рабіць нешта.
Еўрарадыё: Можа вы будзеце збіраць подпісы і іншых людзей, якіх абурыла гэтая праграма?
Ляшкевіч: Калі далучацца людзі, то гэта будзе цудоўна. Калі не, то гэта не стане перашкодай для таго, каб я пачала нейкім чынам дзейнічаць. Бо гэта ўжо зусім, што яны далей пачнуць паказваць? Я не ведаю, куды далей пойдзе іх фантазія.
Фота — arche.by