"Лукашэнка! — Цо? — Ты курво!": як мінскае "Дынама" гуляла ў Варшаве
Матч варшаўскай "Легіі" супраць мінскага "Дынама"
7 лістапада ў межах Лігі канферэнцый у Варшаве адбыўся матч мясцовай “Легіі” супраць “Дынама-Мінск”. Беларуская каманда прайграла ўсухую — 0:4. Журналісты Еўрарадыё назіралі за гэтай падзеяй з трыбун гаспадароў і з бел-чырвона-белага фан-сектара “Дынама”. Як гэта было — чытайце ў нашым рэпартажы.
Перад матчам. Піша Юля
Гэтая гульня ад самага пачатку абяцае стаць гарачай падзеяй для беларускіх аматараў футбола ў Варшаве. Ці ўваходжу я ў гэтую суполку? Не, зусім не. Ці ведаю нешта пра гэты турнір? Толькі мінімум: правілы, назвы буйных клубаў, імёны некаторых футбалістаў і тое, што кожныя два гады адбываюцца еўрапейскі і сусветны чэмпіянаты. Ну, і акурат гляджу апошні сезон “Тэда Ласа”. У прынцыпе, гэтага хапае.
Але я не магу прапусціць магчымасць убачыць, як стадыён будзе асвістваць мінскае “Дынама”. Таму знаходжу сабе “дах” сярод знаёмых палякаў. Варшавяне, як тут кажуць, “z krwi i kości” — калі любяць футбол, то, безумоўна, заўзеюць за галоўны клуб польскай сталіцы.
З такімі дасведчанымі сябрамі можна смела ісці на матч клуба — тым больш, што я ведаю ягоны гімн “Sen o Warszawie” (як-ніяк, яго напісаў Чэслаў Неман, наш зямляк).
Сябры адразу папярэджваюць, што трэба быць пад стадыёнам за паўтары гадзіны як штык. “Нешта будзе, і яны пра гэта ведаюць”, — думаю і збіраюся, напяваючы: “Zobaczysz, jak przywita pięknie nas warszawski dzień”.
Пачатак
Падарожжа на стадыён пачынаецца з грамадскага транспарту, запоўненага мужчынамі ў зялёна-бела-чырвоных шаліках — клубных колерах “Легіі”. Некаторыя ўжо “разаграваюцца” слабаалкагольнымі напоямі. Але ўсё ціха і культурна, ніхто не шуміць і не скача ў аўтобусе. Праз футбол транспарт, які едзе ў бок стадыёна, стаіць у заторах.
Па дарозе чую рускую мову — кампанія абмяркоўвае распродаж квіткоў. З імі ідзе мужчына ў поўнай фанацкай “экіпіроўцы”. Магчыма, ён, як і я са сваім “дахам”, таксама "мімікруе" пад мясцовых.
З сябрамі сустракаюся пад помнікам легендарнага футбаліста Казімежа Дэйны. Знутры стадыёна ўжо чуваць гучнае “wypierdalać”. Гаспадары сустракаюць гасцей, якія выйшлі на размінку. У прынцыпе, нічога незвычайнага не адбываецца… пакуль.
На стадыёне людзей няшмат. Мы затарваемся півам за жэтоны (каб потым вярнуць кубачак, а не раскідвацца аднаразовым пластыкам). “Żyleta” (зона самых заўзятых фанатаў за брамай злева) ужо запоўненая. Куточак “Дынама” пакуль пусты. Стадыён скандуе: “Łukaszenka ch*uj ci w dupę”. Традыцыйна гучыць песня Немана “Sen o Warszawie”. Пасля аб’яўляюць хвіліну маўчання ў памяць ахвяр паводкі ў Валенсіі. Маўчанне перарываецца скандаваннем “Жыве Беларусь!”.
Матч
Фанаты з невялікімі перапынкамі крычаць: "Лукашэнка! — Цо? — Ты курво!"
Дыктар на стадыёне на польскай і рускай мовах просіць прысутных не ўжываць абразлівых выказванняў. Але фанаты ўжо разгарнулі палітычныя транспаранты.
Толькі 10-я хвіліна гульні, а “Легія” забівае першы гол. Гучыць працяглая крычалка “Putinowi liże jaja”, але не зразумела хто. Рускамоўны дыктар зноў просіць пазбягаць палітычных дэманстрацый. Але фанаты яго ігнаруюць: “Лукашенка — cwel Пуціна”.
У беларускім кутку нехта спрабуе забраць сцягі. Але “Żyleta” рэагуе крыкам: “Пакіньце фаната!” Мой польскі сябар заўважае, што даўно не быў на такім палітычным матчы. Гэтая гульня асаблівая, бо беларусы заўзеюць супраць каманды, якая прыехала з Беларусі.
Як сама гульня?
“Szału nie ma”, — кажа мой правадыр. Сапраўды, на полі не іскрыць… пакуль. Паводле колькасці дэцыбелаў гэта не самы гучны матч "Легіі", але Лукашэнка на транспарантах "вісіць" пастаянна. Ніхто не асмельваецца забраць яго з “Żylety”.
Погляд з беларускага сектара. Піша Макс
Мы прыходзім на стадыён за 30 хвілін да пачатку і сядаем непадалёк ад гасцявога сектара. Гучыць гімн турніру, дастаём нацыянальны сцяг, і да нас адразу падыходзіць сцюард, якая ветліва і па-руску прапануе перайсці ў сектар гасцей.
З радасцю карыстаемся прапановай і перабягаем у беларускае асяроддзе. Праз пяць хвілін пасля пачатку гульні сектар ужо запоўнены — усе з бел-чырвона-белымі сцягамі і ў масках. У адзіноце на трыбуне стаіць жанчына ў чырвона-зялёнай кашулі з дзяржаўным сцягам. Яна не выглядае актыўнай фанаткай. Праз нейкі час сцюарды нават бяруць яе пад ахову — відаць, разумеюць, што яна “чужая сярод сваіх”.
Пасля хутка прапушчанага гола малады хлопец намагаецца падтрымаць “Дынама”, заклікаючы футбалістаў наперад. Але гэты парыў ніхто не падтрымлівае. Праз 30 хвілін з’яўляецца мужчына з дынамаўскім блакітным сцягам і замацоўвае яго на агароджы. Стаіць адзін, горды і адданы.
Паступова настрой сектара змяняецца. Эмоцыі “Żylety” перадаюцца беларусам, і яны пачынаюць адкрыта заўзець за “Легію”.
Другі тайм
Пасля перапынку на каўбаску вяртаемся на трыбуну. Пяць хвілін, пенальці — і вось ужо 2:0 на карысць “Легіі”. Беларускі сектар уздымае новы транспарант — гэтым разам з заклікам вызваліць палітвязняў. Трыбуны зусім "здаюцца" і спяваюць разам з “Żyletą”.
Не паспяваем міргнуць — трэці гол! Фанаты жартуюць, што беларускі сектар радуецца ледзь не больш за гаспадароў. А тым часам паўтараецца крычалка пра Лукашэнку.
Як ні стараюцца гульцы “Дынама”, але і чацвёрты гол апынаецца ў іх брамцы. На 75-й хвіліне палякі спяваюць гімн. Трыбуны крычаць яшчэ больш жорсткія лозунгі пра беларускага палітыка: “Ty zdechniesz jak zwykła szmata, kurwo wąsata”.
Суддзі дадаюць тры хвіліны, але гэта ўжо не дапамагае мінчукам.
Канец. Зноў піша Юля
Двое футбалістаў з “Легіі” і “Дынама” мяняюцца кашулькамі. Фанаты і гульцы польскай каманды на развітанне спяваюць культавую песню клуба “Варшава, Варшава”. А гульцы “Дынама” нават не глядзяць у бок сваіх фанатаў і адыходзяць. Не дзіва: відаць, гуляць, калі нават свае супраць цябе — так сабе задавальненне.
Застаецца толькі пад радасныя песні фанатаў спакойна даехаць дадому. Калі аўтобус пусцее, чую спрэчку двух хлопцаў наконт таго, ці сапраўды футбалісты “Дынама” падтрымліваюць Лукашэнку.
Але хто яго ведае...
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.