Бадуева вярнулі з турмы КДБ кіраваць беларускай лёгкай атлетыкай

121002_valo6yn_baduev.mp3

У панядзелак, 1 кастрычніка, стала вядома, што з “амерыканкі” выпусцілі былога галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Анатоля Бадуева. А разам з ім — урача зборнай Паўла Дрынеўскага.

Ужо ў аўторак на сайце Федэрацыі лёгкай атлетыкі знаходзім інфармацыю, згодна з якой Анатоль Бадуеў па-ранейшаму займае пасадупо... намесніка старшыні федэрацыі. Можа быць, гэтыя звесткі не паспелі прыбраць?

Тэлефануем на працоўны нумар, пазначаны ў кантактах. Усе супрацоўнікі пайшлі на абед, адказвае толькі голас… Анатоля Бадуева. Віншуем яго з вызваленнем.

"Дзякуй за віншаванні, але пытанняў пакуль нельга", — адказвае чыноўнік стрымана-бадзёрым голасам.

Еўрарадыё: Я тэлефаную вам на службовы нумар — выходзіць, што вы на працоўным месцы?

Анатоль Бадуеў: "Працую. Я на працоўным месцы, ёсць такое".

Еўрарадыё: На сайце вашага ведамства напісана, што вы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі…

Анатоль Бадуеў: І галоўны трэнер зборнай, так.

Нагадаем, Анатоля Бадуева і ўрача зборнай Паўла Дрынеўскага арыштавалі ў канцы траўня.

Урач Павел Дрынеўскі. Фота з яго старонкі ў сацыяльных сетках

Паводле папярэдняй інфармацыі, трэнера абвінавачвалі ў прымушэнні да хабару і ў нямэтавым выкарыстанні спонсарскіх сродкаў. Арышт здарыўся пасля артыкулу газеты “Прессбол”, у якім распавядалася пра “кілера”, які падштурхоўваў спартсменаў да хабару ўзамен на вырашэнне праблемы з допінг-тэстамі.

Крымінальную справу завялі прыкладна за два месяцы да Алімпіяды, дзе каманда па лёгкай атлетыцы ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі не ўзяла ніводнага медаля. А штурхальніца ядра Надзея Астапчук, якая канфліктавала з Бадуевым перад яго арыштам, пазбавілася залатой узнагароды, трапіўшыся на допінгу. 

Цяпер жа, відаць, Анатоль Бадуеў, бесперапынна працуючы нават у абед, папраўляе рэпутацыю беларускай лёгкай атлетыкі.

Аднак, як даведалася Еўрарадыё, абвінавачванні з чыноўніка і ўрача зборнай Паўла Дрынеўскага не знялі.

"Мера стрымання зменена на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, — паведамляе Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова. — Расследаванне крымінальнай справы працягваецца".

Ці звязаны правал беларускай лёгкай атлетыкі на Гульнях у Лондане з арыштам Анатоля Бадуева і Паўла Дрынеўскага?  

Урач нацыянальнай каманды па адным з відаў спорту выказаў Еўрарадыё сваю думку наконт правалу лёгкаатлетаў.

"Калі б Бадуева выпусцілі раней, то вынік выступлення на Алімпіядзе ў лёгкай атлетыцы быў бы іншым. Справа ў фармакалагічнай падрыхтоўцы спартсменаў да Алімпіяды. У любой камандзе, калі раптам прыбіраюць урача ў сярэдзіне цыкла падрыхтоўкі, — гэта 50% правалу ў будучыні. Але наша думка не надта ўлічвалася".

Алімпійская чэмпіёнка Сіднэя ў штурханні ядра Яніна Карольчык не лічыць адсутнасць урача Паўла Дрынеўскага асноўнай прычынай правалу каманды.

"У гэтай сітуацыі больш важная звязка спартсмен-трэнер. Потым ідзе ўрач. Калі спартсмен гатовы, ён у любым выпадку будзе гатовы".

Анатоля Бадуева арыштавалі нечакана. Гэтак жа нечакана (нібы спрацавала лямпа з джынам)  чыноўніка вярнулі на сваю пасаду. Канкрэтных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх яго абвінавачваюць, Следчы камітэт Еўрарадыё не паведаміў: няхай распавядае сам Бадуеў.

"Без каментароў", ― кажуць на гэту тэму ў прэс-службе КДБ.

Сам Анатоль Іванавіч стойка трымае маўчанне…  

Еўрарадыё будзе сачыць за пакручыстым лёсам Анатоля Бадуева і ўрача Паўла Дрынеўскага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі