Баранаў: Ні я, ні Ланская не былі гатовыя да перамогі!

121210_malina_eurovision.mp3

Еўрарадыё параўнала дзве перамогі Алёны Ланской на нацыянальным адборы на “Еўрабачанне” і знайшло шмат цікавага. За год за яе прагаласавала… утрая больш гледачоў! Гэтыя перамогі параўноўваюць усе. Таму першым Еўрарадыё звярнулася да гурта, які прайграў.

“Па шчырасці, непрыемная сітуацыя. Тут усё зразумела. Калі б перамог Uzari ці Сацура, мы б не пакрыўдзіліся, былі толькі радыя, бо яны больш варты, - мэнаджар гурта Nuteki Максім Максімаў відавочна расчараваны другім месцам. – Проста ніхто не разумее, чаму Алёна?..  Калі б мы такім жа чынам абіралі спартоўцаў на Алімпіяду, то высокіх вынікаў мы не даб’емся. Але мы ставімся да гэтага, як да пэўнай перамогі, бо бачым, што рэакцыя ў ва ўсіх людзей адназначная”.


За Алёну Ланскую прагаласавалі каля 10 тысяч гледачоў. За Nuteki - каля 4 тысяч, кожны ж з астатніх васьмі канкурсантаў нейкім чынам набраў каля 1,5 тысячы. Гэта тое, што бачыла краіна на тэлеэкранах, а афіцыйных падлікаў нідзе не называецца. Як і  мінулым разам.

“Нават пасля расследавання афіцыйных вынікаў галасавання нам не назвалі, - узгадвае лідар гурта Litesound Зміцер Каракін, які ў мінулым годзе праз скандал усё ж прадставіў краіну на “Еўрабачанні”. – Я ведаю неафіцыйныя дадзеныя, прыкладныя, якія мне так сказалі: у нас было каля… 5  тысяч галасоў”. Дык гэта удвая менш за Алёну  Ланскую цяпер?!


А калі верыць першаму намесніку старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Радзькову, то Ланская год назад набрала на 2 тысячы галасоў менш, чым Litesound. Такім чынам, за год шчыльнай працы над альбомам у Лондане Алёна назбірала ўтрая больш прыхільнікаў. Litesound у гэта не вельмі вераць.

“Гэта поўны наіўняк, - усміхаецца Зміцер Каракін. – На мой погляд, немагчыма за 10 хвілін на беларускім тэлебачанні набраць такую колькасць галасоў. Такога яшчэ не было, гэта беспрэцэдэнтны выпадак! Ну, а, па-другое, у нас традыцыйна спрэчны пераможца. Вельмі шкада, што ніхто не наважыўся кінуць выклік рэчаіснасці. Але, я думаю, што не было такога чалавека, які б сумняваўся ў гэтым выніку яшчэ да пачатку галасавання”.


Nuteki сапраўды не збіраюцца патрабаваць пераліку галасоў, маўляў, часу на гэта няма, бо на наступны дзень пасля конкурсу, яны адыгралі канцэрт у Пінску на 600 чалавек, зараз едуць у міні-тур па Украіне, а 19 снежня граюць вялікі сольнік у Мінскім Re:Public і г.д.

Алёна Ланская тым часам напісала ў твітэры, што запісвае ў студыі песню-пераможцу нацыянальнага адбору. Таму давялося размаўляць са Змітром Баранавым. Тым самым Баранавым, якога ў мінулым годзе абвінавацілі ў фальсіфікацыі фінальнага галасавання “Еўрафэста”. І нават папрасілі з пасады выканаўчага прадзюсара тэлеканала “Беларусь 1”. Зараз ён дырэктар цэнтра “Спамаш”, які прадзюсуе сёлетніх фіналістаў Дарыю, Аляксея Гроса ды… Ланскую.

“Шчыра кажучы, ні я ні артысты не былі гатовыя да такога выніку, - прызнаецца Зміцер Баранаў. – Сёлета мы думалі, што галоўнае гэта ўдзел. У нас не было мэты перамагчы любой цаной. Але натуральна, калі гэта адбылося, перад намі стаіць зусім іншая задача: пабудаваць нумар так, каб гэта было зразумела, адэкватна і абуджала пэўныя пачуцці ў еўрапейскага слухача”.


Першыя выказванні ў інтэрнэце наконт адбору былі пра тое, што амаль усе ўдзельнікі паказалі прыкладна аднолькавыя па якасці нумары. І тым не менш, адрыў Алёны ад другога месца неверагодны (каля 6 тысяч галасоў), а ад наступных месцаў увогуле каля васьмі. Дырэктар “Спамаш” каментуе гэты факт звычайным “лічбы кажуць самі за сябе”:

“Відаць, кагосьці ўразіў вакал, кагосьці сам нумар, нехта, магчыма, прасякнуўся самой песняй… Не ведаю! Мне вельмі складана зараз гэта каментаваць, па-шчырасці, не сачыў за працай канкурэнтаў”.


Нагадаем, гэта будзе другая спроба ўдзелу Ланской у Еўрабачанні. У мінулым годзе спявачка ўжо была абраная пераможцай "Еўрафэста", аднак вынікі галасавання апынуліся сфальсіфікаванымі. У выніку ад Беларусі ў Баку выступалі Litesound

Як насамрэч галасавала журы адборачнага тура “Еўрабачанне-2013”?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі