Барысаўскія міліцыянты не хочуць вяртаць канфіскаваную маёмасць

Барысаўскія міліцыянты цяпер вырашаюць праблему: як вярнуць канфіскаваную пры ператрусе ў актывістаў кампаніі "Гавары праўду!" маёмасць.  На думку абшуканага 18 траўня 2010 года актывіста кампаніі "Гавары праўду!" Міхаіла Васільева, барысаўскія міліцыянты ў чарговы раз пацвярджаюць справядлівасць патрабавання мясцовых дэмакратаў аб унясенні некаторых з іх у спіс неўяздных у ЕС, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Прайшло больш за месяц, як Васільеў звярнуўся ў мясцовае РАУС з заявай аб вяртанні адабранай пры ператрусе маёмасці. Канфіскаваныя былі: кампутар, відэакамера, дыскеты. "Я падаў заяву 4 красавіка, калі даведаўся, што ў іншых гарадах краіны актывістам кампаніі сталі вяртаць канфіскаванае, - распавядае Міхаіл Васільеў .- Я меў размову з маёрам Андрэем Чуркіным, імя якога значыцца ў мясцовым спісе прэтэндэнтаў на няўезд у ЕС. Ён яшчэ ў пачатку красавіка запэўніваў мяне, што на днях усё будзе вернута. Сёння ўжо 6 траўня. І міліцыя нічога не вярнула".

Заяву аб вяртанні адабранага была напісана і адносна іншага барысаўскага актывіста кампаніі "Гавары праўду!" Віктара Гарбачова, які зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. "У міліцыі кажуць, што не могуць вярнуць маёмасць Гарбачова з-за яго адсутнасці. Але ж забіралі ўсё таксама ў яго адсутнасць, у кватэры на момант ператрусу знаходзілася толькі жонка Святлана. Якія праблемы, не магу зразумець", - пракаментаваў Васільеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі