Беларускі пармезан выспявае ў 9 разоў хутчэй за італьянскі

120627 Martin Parmezan.mp3

Беларускія сыраробы дзякуючы “шматгадоваму досведу працы і творчаму падыходу” выпускаюць беларускі аналаг італьянскага сыру. І не засмучаюцца....

“Вядома, мы запазычылі ад класічнага пармезана. Мы робім з беларускай сыравіны. Але кампаненты набліжаныя да тых, якія ідуць у сапраўдны пармезан. І спее ён у нас не тры гады, а тры месяцы”, - на Верхнядзвінскім масласыразаводзе расказваюць Еўрарадыё пра “Пармезан класічны”.

Абяцаюць, што беларускі сыр пахне, як італьянскі, падобна да… шкарпэтак.

“Дадаецца пэўны фермент – ліпаза. Як кажуць, пах нямытых шкарпэтак. Калі б мы назвалі яго проста пармезан, былі б праблемы. А так “Пармезан класічны” – зусім іншы від сыра", - супакойваюць на Верхнядзвінскім заводзе.


СААА “Белавежскія сыры” робіць ажно два віды пармезана: “Белавежскі” і “Малады”, які “лягчэй рэжацца”. І раяць запіваць гэтыя сыры... белым віном.

“У нас ёсць “Пармезан малады”, які спее 60 сутак. І іншы – “Белавежскі”, які ўтрымліваецца 180 сутак”. Саспеў ён, ці не - не правяраюць. Проста вытрымліваецца патрэбны тэрмін і ўсё", - расказваюць на фабрыцы.

Італьянскі сыр на саспяванне правяраюць адмысловымі малаточкамі. Мінімальны тэрмін саспявання - 1,5 гады, у 9 разоў больш, чым у сыра “Пармезан малады”. А  беларускі “Пармезан Голд” правярае дэгустатар.

“Мы ж не можам заняць іх брэнд. У нас тэрмін саспявання – 90 сутак. Але, зразумела, ён адрозніваецца, ад таго пармезана. У нас ёсць нават спецыяльны дэгустатар. Яе густавыя успрыняцці адпавядаюць міжнародным стандартам”, - расказваюць на Слуцкім сыраробным камбінаце.


Але, як высвятляе Еўрарадыё, “спецыяльны дэгустатар” ні разу не каштавала італьянскі пармезан!

“Летась ездзіла на спецыяльныя курсы ў Угліч, там былі двухтыднёвыя курсы дэгустатараў. А сапраўдны “Пармезан” ніколі не каштавала”, - прызнае дэгустатарка Наталля.

У краме “Васількі” ніводнага з беларускіх “Пармезанаў” няма. Толькі італьянскі “Грана Падано” па 345 тысяч за кілаграм.

Італьянскі пармезан па 345 тысяч.

Беларускі аналаг ад СААА “Белавежскія сыры” у 3,5 разы таннейшы – 98 тысяч за кілаграм.

Фота: vkusitaly.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі