Беларускія чыноўнікі не спяшаюцца па заробкі 3000 “ўмоўных”

Еўразійская эканамічная камісія аб’яўляе конкурс чыноўнікаў. Заробак — 3000 долараў! Умомант падлічыўшы, што за пару гадоў змагу зарабіць на кватэру ў Мінску, кінулася тэлефанаваць у аддзел кадраў Еўразійскай эканамічнай камісіі. Там асаджваюць:

“Спачатку паглядзіце на нашым сайце вакансіі, а потым тэлефануйце і ўдакладняйце, чаго хочаце”.

А вакансій — вагон і маленькі вазок. Патрэбныя: галоўныя спецыялісты, эксперты, начальнікі, іх намеснікі, іншыя. Спіс вакансій абнаўляецца некалькі разоў на тыдзень.

Патрабаванні да кандыдатаў: як мінімум вышэйшая адукацыя і досвед працы ў патрэбнай галіне не менш за пяць гадоў, веданне асноў заканадаўства дзяржаў Мытнага саюза і прававыя навыкі.

Наўрад ці я змагу быць памочнікам члена Калегіі па энергетыцы і інфраструктуры. Але намеснікам старшыні прэс-службы — прасцей за простае.

Цяпер дзяўчына ў аддзеле кадраў Еўразійскай эканамічнай камісіі ўдакладняе, ці ёсць у мяне досвед такой працы. "Вядома, ёсць!" — ні на імгненне не сумняваюся я і распытваю пра льготы і прэферэнцыі для будучых чыноўнікаў. Іх няшмат, але яны даволі істотныя.

“Спецыялістам таксама даецца жыллё, пры ўмове, што ў вас няма жылля ў Маскве і Маскоўскім раёне, таксама вы зможаце абслугоўвацца ў паліклініцы, акрамя выпадкаў цяжарнасці і зубнога болю”.

Кватэрнае пытанне ў Маскве мяне не сапсуе. Настрой псуе кадравік.

"Вы спачатку конкурс прайдзіце. У нас у калідоры дыхаць няма чым, калі конкурс. Да дзесятай вечара іншым разам". На жаль, заробак у спецыяліста Еўразійскай камісіі не самы вялікі — тысяча долараў. Паўтары — у галоўнага спецыяліста. У начальнікаў і іх намеснікаў — да 3000 долараў. Мой “галоўны спецыяліст” пацягне на 1,5 тысячы долараў. Але больш здзіўляе, што беларускі міністр эканомікі зарабляе менш за тысячу долараў. А мог бы!

Аднак, супрацоўніца аддзела кадраў заўважае, што нават пасля рэкламы па беларускім тэлебачанні ажыятажу... няма.

“Асаблівага ажыятажу не было, нам заўсёды шмат тэлефануюць. Сёння было больш супрацоўнікаў, чым звычайна. Не магу сказаць, што патэлефанавала самая разумная частка, многа людзей нават без адукацыі тэлефанавалі”.

Шукаю шчасця ў аддзеле кадраў Выканкама Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Там адшываюць ужо ў прыёмнай, бо вакансій няма. Тут заўважаюць, што ўладкавацца да іх праблематычна — чыноўнікі ў СНД “працуюць, не сыходзяць”.

На пытанне "Хто вам патрэбны?" спецыяліст аддзела кадраў СНД кажа, што прымуць "спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і досведам працы не менш за пяць гадоў":

"Ніякага сацпакета, бальнічны аплацяць, жыллё толькі квотным супрацоўнікам — тым, хто прыехаў з іншых дзяржаў".

Затое ў ЕўрАзЭС, як даведалася Еўрарадыё, могуць узяць нават маладога спецыяліста пасля ўніверсітэта. Але з умовай, што ён круглы выдатнік і ветлівы.

"Да кожнага індывідуальны падыход. Ён можа прыйсці з інстытута, пакажа жаданне працаваць, ветлівы, акуратны, пісьменны і здольны, паказвае сябе ў добрым святле. Але ў дадзены момант ніякіх патрабаванняў няма, бо няма вакансій", — кажуць у аддзеле кадраў ЕўрАзЭС у Маскве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі