Беларусы не папярэдзілі, што “аддаюць” мяжу еўрапейцам
Еўрапейскія памежнікі даведаліся пра гэта са СМІ. Але вырашылі пачакаць з рэакцыяй і працаваць “у адпаведнасці з сітуацыяй”.
Беларускія памежнікі не паінфармавалі калегаў з суседніх краінаў пра тое, што будуць менш пільна ахоўваць “выезд” з Беларусі ў заходнім напрамку. Кіраўнік группы кантроля на мяжы літоўскай памежнай службы Сігітас Раткевічус даведаўся пра ўвядзенне беларускімі памежнікамі палегчанага рэжыма… па радыё. І быў вельмі здзіўлены.
Сігітас Раткевічус: “Мы даведваемся праз СМІ, што некаторых грамадзян ці жыхароў Беларусі не выпускаюць праз дзяржаўную мяжу ў сувязі з нейкімі абмежаваннямі. На гэтым фоне лібералізацыя кантроля з боку Беларусі на выезд падаецца нейкім непаразуменнем”.
Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка тлумачыць, што беларусы з мяжы не сыходзяць. Таму і не палічылі за неабходнае рабіць афіцыйныя паведамленні. Звычайна ж памежнікі з Еўрасаюза даведваюцца пра змены, якія адбываюцца з беларускага боку, падчас адмысловых кансультацыяў.
Аляксандр Цішчанка: “Прадстаўнічыя сустрэчы адбываюцца рэгулярна. Памежнікі рэгулярна абмяркоўваюць абстаноўку і нават супольна аглядаюць мяжу”.
Што да апошніх зменаў, дык, па словах сп. Цішчанкі, гаворка ідзе не пра саслабленне, а пра аптымізацыю патрулявання мяжы. Такія аптымізацыі адбываюцца “заўжды, рэгулярна і сістэматычна”. Апошнім часам іх галоўная мэта ― ашчаджэнне бюджэтных сродкаў. Як гэта робіцца? Прэс-сакратар ДПК кажа, што скарачаецца колькасць праверак, якія адбываюцца на межах з Еўрасаюзам.
Аляксандр Цішчанка: “На выезд можна прыцягваць менш людзей. А іх пераразмеркаваць на ўезд. Ці на іншыя ўчасткі мяжы”.
Але сказаць, што памежнікаў і абсталяванне з поўначы і з захаду Беларусі ў пэўны момант пачалі масава перакідваць на поўдзень, нельга.
“Пераразмеркаванне можа адбывацца ў межах аднаго пункта пропуска, не абавязкова перакідаць людзей на іншы бок краіны. Натуральна, эшэлоны з аднаго напрамку ў іншым не ідуць”, ― усміхаецца Аляксандр Цішчанка.
У выніку нейкіх асаблівых зменаў літоўскія памежнікі апошнімі днямі не заўважылі. Тое самае і на польскай мяжы, дзе пакуль што не бачаць патрэбы для ўмацавання аховы ў адказ на заявы з боку беларускай памежнай службы.
“Мы працуем і будзем працаваць адэкватна сітуацыі, у якой будзем знаходзіцца. Думаю, што з нашага боку няма чаго баяцца. Калі казаць пра польскую памежную службу, то тут няма ніякіх занепакоенняў. Мяжа добра ахоўваецца”, ― распавядае Еўрарадыё прэс-сакратарка галоўнага каменданта польскай памежнай службы Юстына Шмідт-Гжэх.
Ніякіх звестак пра змяненне рэжыма працы сваіх беларускіх калегаў польскія памежнікі таксама не атрымоўвалі. Таму яны збіраюцца працаваць “у адпаведнасці з сітуацыяй”.
Дарэчы, за толькі мінулы год польскія памежнікі злавілі 196 чалавек, якія спрабавалі нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу. За першыя тры месяцы бягучага года такіх ужо знайшлося 56. Прычым пяцёра з іх накіроўваліся… у бок Беларусі!
Нейкіх асаблівых зменаў з боку Беларусі не заўважылі і латвійскія памежнікі. Якія прызнаюць, што беларуска-латвійская мяжа не такая і папулярная сярод нелегалаў.
“Аснаўная масса нелегалаў спыняецца ўжо на беларускім баку. Таму ў гэтым плане, мы адчуваем сябе даволі пазітыўна. На сённяшні дзень беларуска-латвійская мяжа не з'яўляецца мэтай для нелегальных імігрантаў, якая б актыўна выкарыстоўвалася. Бо мяжа добра абаронена як беларускімі, так і латвійскімі памежнікамі”, ― адзначае намеснік начальніка памежнага ўпраўлення Латвіі Гунар Ліепндж.
Што тычыцца заявы пра працу беларускіх памежнікаў ў палегчаным рэжыме, то яна крыху бянтэжыць Гунара Ліепнджа.
Гунар Ліепандж: “Супрацоўніцтва з беларусамі ў нас настолькі добрае, што часам падаюцца дзіўнымі выказванні асобных палітыкаў. Але ў прынцыпе мы не разглядаем сур'ёзна гэту заяву. Калі будуць нейкія рэальныя змены, будзем працаваць інакш. Зараз мы працуем у звычайным рэжыме”.