"Белавія": Малаверагодна, што 13 красавіка вылеты ў Маскву спыняцца
Існаванне ўльтыматыўнага ліста з патрабаваннем скарачэння авіярэйсаў у Мінск расійскіх авіакампаній у “Белавія” не пацвердзілі, хаця і не выключаюць, што ён быў
Нагадаем, расійскае выданне "Коммерсант" сёння паведаміла, што з Мінска ў Маскву прыйшоў "ультыматыўны ліст" з патрабаваннем скарачэння авіярэйсаў у Маскву. Паводле яго, з 13 красавіка расійскія авіякампаніі змогуць выконваць у Мінск толькі чатыры рэйсы ў дзень замест пяці.
Намеснік генеральнага дырэктара беларускага авіяперавозчыка Ігар Чаргінец не выключае, што такі ліст Дэпартамент па авіацыі Міністэрства транспарта і камунікацый Беларусі мог накіраваць у Росавіяцыю. А ўсё з-за таго, што перамовы паміж авіяцыйнымі ўладамі ў канцы сакавіка скончыліся безвынікова. І беларускі бок па-ранейшаму настойвае, каб колькасць рэйсаў была роўная для абодвух бакоў — па чатыры.
Ігар Чаргінец: “Па выніках кансультацый павінен быў быць падпісаны пратакол. Не было падпісана нічога. Мы настойваем на поўным выкананні існуючай дамовы паміж дзвюмя краінамі. І на сёння нічога ў гэтым сэнсе не змянілася, гэта старая наша пазіцыя: павінен быць парытэт — роўныя і справядлівыя магчымасці для бакоў”.
Па словах Чаргінца, хутчэй за ўсё да 13 красавіка беларускія і расійскія авіяцыйныя ўлады будуць сустракацца і спрабаваць дамовіцца па колькасці авіарэйсаў паміж Мінскам і Масквой. Але беларускі бок сваю пазіцыю па гэтым пытанні не збіраецца мяняць. Прычына ў тым, што нават існуючыя сёння 8 рэйсаў з беларускай сталіцы ў расійскую сталіцу і наадварот не запаўняюцца пасажырамі і на палову. І ўводзіць дадатковыя рэйсы фінансава немэтазгодна.
Расіяне ж, кажа Чаргінец, не толькі на гэтым настойваюць, але і зніжаюць кошт квіткоў. За гэтым прадстаўнік беларускага авіяперавозчыка бачыць спробу расійскага боку выціснуць іх з гэтага накірунку палётаў. І гэтым спробам авіякампаній падыгрывае Росавіяцыя. У той жа час Чаргінец называе малаверагодным, што калі пагадненне паміж бакамі па колькасці авіярэйсаў не будзе дасягнута, расіяне 13 красавіка вырашаць зноў спыніць вылеты ў Мінск.