“Белтрансгаз” прададзены Расіі
ААТ “Газпрам” і Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі сёння падпісалі дамову аб продажы прадпрыемства “Белтрансгаз”.
Такім чынам, расійскі бок цяпер мае 100% акцый беларускай газатранспартнай кампаніі. За другую частку пакета акцый “Газпрам” заплаціў 2,5 мільярда долараў. У адпаведнасці з дамовай, з 1 студзеня 2012 года мінімальны ўзровень нацэнкі на газ, які “Белтрансгаз” будзе рэалізоўваць спажыўцам Беларусі, складзе 15,95 долара за тысячу кубаметраў. У наступныя гады ён будзе карэктавацца на велічыню інфляцыі, паведамляе БелаПАН.
Адначасова былі падпісаныя кантракты на пастаўку расійскага газа і транспарціроўку прыроднага газу праз тэрыторыю Беларусі на 2012-2014 гады. Раней расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін заявіў, што у першым квартале 2012 года беларускі бок атрымае газ па 164 долара за тысячу кубаметраў. Пры сярэднім кошце паліва для Еўропы ў памеры 400 долараў, Беларусь атрымае сур’ёзную зніжку, лічыць Пуцін. Сярэдні кошт блакітнага паліва ў 2012 годзе для Беларусі складзе 165,6 долара.
Адметна, што сёлета паводле кантракту ў трэцім квартале Беларусь павінна была плаціць за газ 279 долараў, але плаціла 244 — як у другім квартале. Такую саступку Уладзімір Пуцін назваў “інтэграцыйнай зніжкай”. Але гэтую розніцу ў кошце Мінск павінен будзе выплаціць. Доўг перанясуць на 2012 год.