Гадзіннік Мясніковіча — 37 тысяч долараў, Каткавец — 1100 (фота)
У прэм'ера гадзіннік даражэйшы, чым у прэзідэнта, у 2 разы. Але самы дарагі — у бізнесмена Юрыя Чыжа. Яго гадзіннік каштуе каля 400 тысяч долараў.
Блогер Віктар Малішэўскі апазнаў у гадзінніку швейцарскі Girard-Perregaux Vintage 1945. Калібр GP 3300, ружовае золата. Калекцыя 2011 года. У Мінску ў краме на вуліуцы Камсамольскай такі гадзіннік каштуе амаль 318 мільёнаў рублёў (крыху больш за 37 тысяч долараў). У Еўропе такі гадзіннік каштуе 25-30 тысяч долараў.
Нагадаем, што Аляксандра Лукашэнку апошнім разам фатаграфалі з гадзіннікам Patek Philippe Calatrava 5120j. Гэты гадзіннік каштуе каля 17 тысяч долараў — амаль удвая менш, чым у Мясніковіча.
Дарэчы, памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка носіць гадзіннік NEW ULYSSE NARDIN Dual Time. Такі гадзіннік каштуе ад 4700 да 6800 долараў.
У бізнэсоўца Юрыя Чыжа — Circus Minute Repeater (749-80) (фірмы Ulysse Nardin) з плацінавым корпусам, цыферблатам з чорнага оніксу і белага золата і раменьчыкам са скуры алігатара з плацінавай устаўкай. Каштуе такі гадзіннік 400 тысяч долараў.
У экс-намесніцы міністра сельскай гаспадаркі Надзеі Каткавец гадзіннік MAURICE LACROIX Les Classiques LC2011-YP016-110. Каштуюць яны каля 1100 долараў. Нагадаем, што Каткавец зараз працуе ў Маскве.
Радыё "Свабода" параўнала гадзіннікі прадстаўнікоў уладнага істэблішмэнту з розных краінаў — у тым ліку, прэзідэнта ЗША Барака Абамы, прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і г.д.
Фота — bymedia. net, tut.by, nn.by, Юліі Дарашкевіч, Антона Матолькі.