Букмекеры: Беларусы ставяць на перамогу “Барсы” з лікам 3:0
Але ў родную каманду таксама вераць і ставяць на БАТЭ па 270 тысяч рублёў.
У дзень доўгачаканага матчу БАТЭ — “Барселона” каля букмекерскай канторы побач з касамі стадыёна “Дынама” людна. Да акенца ўтварылася доўгая чарга. Пытаюся, ці ставяць на перамогу БАТЭ ў гульні.
“Ставяць, людзі вераць у родную каманду, — адказвае касір. — За сёння паставілі 5 чалавек, а на "Барселону" — 20. Учора на перамогу барысаўчан былі 4 стаўкі. Максімальная — 50 тысяч рублёў”.
Але ў чарзе ўжо няма жадаючых падзарабіць на сённяшняй гульні. Людзі ставяць на тэнісны матч з удзелам Вікторыі Азаранкі, які паказваюць тут жа па тэлевізары.
У букмекерскай канторы, што ля метро “Кастрычніцкая”, за дзень была толькі адна стаўка на матч БАТЭ — “Барселона”.
“Паставілі, што БАТЭ не заб’е. Проста не заб’е. На перамогу БАТЭ цяпер каэфіцыент 19”, — распавядае жанчына ў канторы.
У канторы “Плюс-мінус” ставак, наадварот, шмат.
“На дадзены момант 518 чалавек паставілі. Гэта за паўтары гадзіны”, — агучвае букмекер колькасць жадаючых зарабіць на гульні барысаўчан у Лізе чэмпіёнаў.
Але ў перамогу БАТЭ з іх верыць толькі адзін… верны заўзятар.
“З іх на выйгрыш БАТЭ няшмат. 270 тысяч толькі. Гэта адзіночная стаўка. Нехта паставіў і будзе цяпер балець. Гэта чыстая перамога, нешта з галіны відавочнае-неверагоднае”.
Каэфіцыент на выйгрыш БАТЭ тут 15. То бок верны заўзятар, калі родны Барысаў не падкачае і зробіць неверагоднае, выйграе 4 мільёны рублёў!
Аднак большасць ставіць нават не на нічыю, а на перамогу каталонцаў.
“У асноўным ставяць на перамогу “Барселоны”, — распавядаюць у канторы “Плюс-мінус”. — Прыблізна, што “Барселона” пераможа з лікам 3:0”.
Нагадаем, матч БАТЭ — "Барселона" адбудзецца сёння ў 21:45 на сталічным стадыёне “Дынама”.
Фота: sport-express.ua