Былая суддзя Вольга Комар: "Я сышла па ўласным жаданні"
Прысуды, якія выносіла, яна лічыць справядлівымі, а ўнясенне ў "чорны спіс" ЕС — несправядлівым, але абскарджваць не будзе.
Былая суддзя Вольга Комар нібыта пабралася шлюбам з англічанінам і ўладкавалася працаваць у "Белтрансгаз", але не можа паехаць да мужа ў Еўропу з-за санкцыяў, піша “Белпартызан”. Еўрарадыё тэлефануе Вользе Комар, каб даведацца, ці праўда ўсё гэта.
Еўрарадыё: Ваш муж сапраўды з Англіі і вы не можаце да яго паехаць?
Вольга Комар: Я бачыла гэты артыкул у інтэрнеце, што я працую ў “Белтрансгазе”, муж у мяне англічанін і я збіраюся ехаць у Англію. Гэта ад пачатку і да канца выдуманая гісторыя. Але, калі людзям хочацца піярыцца на маім імені, калі ласка.
Еўрарадыё: Дзе вы цяпер працуеце? І ці праўда, што па ўласным жаданні сышлі з суда?
Вольга Комар: Так, я сышла па ўласным жаданні. Я ў “Белтрансгазе” не працую, і муж мой не англічанін.
Еўрарадыё: Вы юрыстам працуеце?
Вольга Комар: Я не працую юрыстам.
Еўрарадыё: Вы ўжо не суддзя, а санкцыі супраць вас дзейнічаюць?
Вольга Комар: Так, дзейнічаюць, як я разумею.
Еўрарадыё: Ці не спрабавалі вы даведацца, як іх можна адмяніць?
Вольга Комар: Наколькі я разумею, усе працэдуры распісаныя на сайце Еўракамісіі. Я мяркую, што абмежаванне незаконна накладзенае. Нічога рабіць дзеля таго, каб здымаць гэтыя санкцыі, я не збіраюся.
Еўрарадыё: Гэтыя абмежаванні прыносяць вам нейкі дыскамфорт? Ці спрабавалі вы некуды выехаць?
Вольга Комар: Калі людзі маюць уяўленне аб заробках суддзяў, то яны павінны разумець, што ніякага дыскамфорту проста няма. Таму што гэтыя заробкі не дазваляюць адпачываць у Еўропе, ездзіць рэгулярна ў ЕС. Казаць пра тое, што ў суддзяў, я не кажу за іншых чыноўнікаў, ёсць рахункі за мяжой, гэта поўная бязглуздзіца. Калі людзям падабаецца верыць у казкі, няхай яны вераць. Я думаю, што гэта некалькі чалавек, якім проста няма чым заняцца, пішуць усялякую бязглуздзіцу пра мяне. Я цудоўна ведаю многіх з гэтых людзей, і мне абсалютна не зразумела, навошта яны гэта робяць.
Еўрарадыё: Вы сапраўды сышлі з суда, таму што вам не падабалася гэтая праца?
Вольга Комар: Гэта вельмі цяжкая праца. Ты прыходзіш на працу а 7-й раніцы, а сыходзіш а 9-й, часам і а 10-й вечара. Трэба прачытаць справы, падрыхтавацца да кожнага з працэсаў. Вытрымаць гэта ўсё у такім напружаным рэжыме пастаянна — гэта вельмі цяжка. Таму я не захацела далей працаваць.Калі нехта думае, што гэта так лёгка, ну, няхай сам паспрабуе, добра што вакансій хапае. Нейкае тэлефоннае права, ці яшчэ нешта? Хто мяне ведае, той разумее, што ніякага тэлефоннага права ў маім выпадку не існавала ніколі.
Еўрарадыё: Вас унеслі ў спіс з-за справы Парфянкова. Наколькі сёння вы лічыце той прысуд справядлівым?
Вольга Комар: Прысуд быў правераны нашымі ўсімі вышэйшымі інстанцыямі. Прысуд законны і абгрунтаваны, што датычыцца самога прысуду. Наконт сітуацыі. Людзі, якія падчас выбарчай кампаніі, акрамя таго, што кажуць, што дзейсны прэзідэнт кепскі-кепскі, кажуць: усе прыходзьце на плошчу пасля выбараў, таму што на выбарах ўсё будзе не законна. Людзі туды прыходзяць, сапраўды незадаволеныя, а лідары кажуць: цяпер пойдзем на іншую плошчу. Потым лідары кажуць, што мы зараз пойдзем ў Дом ураду і будзем там чакаць Лукашэнку з усімі яго міністрамі. Гэта ўсё ёсць, усё зафіксавана. Людзі ломяцца ў гэты будынак не зразумела навошта.
Парфянкоў жа быў даверанай асобай Някляева. Ён быў з шалікам, шмат камер. Гэта была карцінка, проста карцінка. Чалавек лезе ў Дом урада, б'е яго, ламае. Невядома чым бы гэта скончылася, калі б яны туды ўвайшлі. А потым гэтыя людзі кажуць, што гэта правакацыя.
Наколькі я чытала пра санкцыі, я адказная за тое, што парушана свабода слова. Парфянкоў, такім чынам, хацеў выказаць свабоду слова. Напэўна, калі я прыйду ў Еўрапарламент і буду выносіць ім нагамі і рукамі шкло, і за мной будзе стаяць цэлы натоўп, наўрад ці нехта скажа, што я прыйшла туды выказваць сваю свабоду слова. Як мінімум скажуць, што гэта хуліганства. У нас ёсць пэўныя законы, якія павінны выконвацца, падабаецца гэта камусьці ці не.
Я думаю, што палітычныя лідары, якія прывялі людзей на плошчу, адказныя у першую чаргу за тое, што адбылося. І тое, што яны, як баязліўцы, сабраліся, селі ў машыну і спрабавалі адтуль з'ехаць, на мой погляд, характарызуе гэтых людзей.
Сёння Саннікаў сядзіць у Лондане. І казаць, што я выйшла за муж за англічаніна і таксама хачу з'ехаць у Англію... Калі ў іх такая мара, то няхай гэта будзе іх марай. Гэта не мая мара. Я прыхільнік правоў чалавека. І ў сваёй працы, я мяркую, я заўсёды захоўвала правы чалавека. Магчыма, нейкія памылкі ў мяне былі , я чалавек, а не машына. У кожнага чалавека бываюць памылкі. Калі нейкія памылкі ў мяне былі, мне заўсёды іх паправіць вышэйшы суд.
Казаць, што я тут вораг чалавецтва, вораг судовай сістэмы, я б не сказала так. Я люблю сваю Радзіму. Я магу сказаць: за тое, што я раблю, мне няма ў чым раскайвацца.
Еўрарадыё: Я не быў на самім судовым працэсе. Чым вы кіраваліся, калі прымалі рашэнне?
Вольга Комар: Усе рашэнні выносяцца ў дарадчым пакоі. Калі некаму з апазіцыйных сайтаў было цікава паглядзець, што было напісана ў прысудзе, яны маглі б звярнуцца да адваката і паглядзець, на якія доказы суд спасылаўся і чаму прызнаў Парфянкова вінаватым.
Еўрарадыё: Але для вас асабіста што стала канчатковым доказам віны?
Вольга Комар: Суд выносіць любы прысуд ў дарадчым пакоі, у які не дапускаецца ніхто. Гэта з'яўляецца таямніцай дарадчага пакоя. Усе доказы, на якія спасылаецца суд, выкладзеныя ў прысудзе. Гэта цяжкая праца, калі трэба прааналізаваць інфармацыю. Як і ў журналістыцы, ёсць нейкая інфармацыя, робіцца аналіз. Нехта робіць высновы, нехта — не. У дадзеным выпадку ў судзе робяцца высновы на падставе тых доказаў, якія былі выслуханыя.
Праваабаронцу з Віцебска Паўлу Левінаву Вольга Комар прысудзіла 10 сутак за лаянку матам у Мінску. За кратамі ён абвесціў галадоўку. А пасля "сутак" Павел прыйшоў на прыём да суддзі з пытаннем, ці сапраўды яна лічыць, што ён лаяўся матам?
Павел Левінаў: "Тады яшчэ суддзі вялі прыём грамадзян па асабістых пытаннях. І я прыйшоў. І атрымаў адказ, што пастановай суда мая віна вызначаная. Хаця мяне больш цікавіў іншы аспект, таму што пастановы я чытаць умею. Суддзя апраўдвала свой вердыкт тым, што ў зале выступалі два сведкі міліцыянеры: "Вось калі б я вас апраўдала, напрыклад, як бы гэта выглядала збоку? Ад вас ніякіх доказаў няма, але ёсць пісьмовыя і вусныя сведчанні, што вы лаяліся". Я так на гэта паглядзеў, што яна дае зразумець, што такая сістэма. І я стаў думаць, як бы сам паступіў на яе месцы? З аднаго боку можна здагадвацца, што супрацоўнікі міліцыі хлусяць, але ж яны папярэджаныя аб адказнасці".
У Паўла праўда быў яшчэ дакумент, што ён знаходзіўся ў іншым месцы, але гэтае пытанне засталося без адказу. Увогуле размаўлялі за жыццё. Але зайшла гаворка і пра справу Васіля Парфянкова.
Павел Левінаў: "Яна мне казала, што ў матэрыялах справы быў відыёзапіс, сам Парфянкоў свой удзел і свае дзеянні не адмаўляў. Таксама сказала, што частку абвінавачанняў, якія высунула следства, яна з Парфянкова зняла. Казала, што не лічыць прысуд палітызаваным. І ёй ніхто не кіраваў, каб яна вынесла тое ці іншае рашэнне".
Павел Левінаў таксама ўзгадвае, што ўжо тады суддзя Комар не планавала працягваць кантракт.
Павел Левінаў: "Яна сказала, што ёй засталося 1,5 года да канца 5-гадовага кантракта, і хутчэй за ўсё яна яго працягваць не будзе. Чаму, адказваць не стала. Сказала, што вы самі мусіце разумець, чаму. Я так гэта зразумеў, што яна, будучы суддзёй, не была вяршыцелем чалавечых лёсаў".
Фота: svaboda.org