Чаму прыбыткі беларускіх чыноўнікаў — падатковая таямніца?

120510 Luka6uk 4ynu6y.mp3

Беларускія чыноўнікі абавязаныя штогод запаўняць дэкларацыю аб прыбытках. Вось толькі змест яе простаму чалавеку даведацца немагчыма — у інтэрнэт гэтыя дэкларацыі не выкладаюць. Афіцыйны запыт, каб даведацца, які прыбытак меў той ці іншы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, у прэс-службу парламента дасылаць не мае сэнсу.

Прэс-служба парламента: “Усе запаўняюць падатковыя дэкларацыі і здаюць у падатковыя органы. Вы можаце туды звярнуцца”.


Такі ж адказ атрымлівае Еўрарадыё і ў прэс-службе Савета Рэспублікі. Але як тлумачыць кіраўнік Інспекцыі па падатках і зборах па Веткаўскім раёне Святлана Пракошына, да падаткавікоў звяртацца з такім пытаннем бескарысна — нічога аб прыбытках чыноўнікаў яны не скажуць.

Святлана Пракошына: “Гэта з’яўляецца падатковай таямніцай — мы не маем права яе абнародаваць. У нас у законе не прапісана, што яе (дэкларацыю аб прыбытках. — Еўрарадыё) неабходна публікаваць. Прапісана, што дзяржслужачыя абавязаныя падаваць дэкларацыю. А сам чалавек можа расказваць — неабходна звярнуцца да чалавека і ён адкажа. Ці не адкажа — гэта ўжо...”

Але найчасцей беларускія чыноўнікі чамусьці адмаўляюцца называць лічбу свайго заробку. У адрозненне ад чыноўнікаў расійскіх. Тыя, паводле закона, распавядае Еўрарадыё дэпутат Дзярждумы Аляксандр Чацверыкоў, абавязаныя выкладаць звесткі аб сваіх прыбытках у агульны доступ.

Аляксандр Чацверыкоў: “Калі чалавек знаходзіцца на дзяржаўнай службе, тым больш — калі гэта дэпутат, то ён абавязаны даць справаздачу: як ён працуе і колькі ён зарабіў. Грамадства павінна вызначыць, ці задавальняе яго ўзровень прыбытку таго ж дэпутата ці за яго працу яму трэба было б заплаціць менш. Альбо — яшчэ запатрабаваць з яго даплаты нейкай!”

Такое ж заканадаўства дзейнічае і ва Украіне. Менавіта таму ўсе чыноўнікі на чале з кіраўніком краіны публікуюць сваю дэкларацыю аб прыбытках, тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе Віктара Януковіча.

Прэс-служба прэзідэнта Украіны: “Усё выкладаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона. Я магу адказваць толькі за Адміністрацыю прэзідэнта, але ўсё было выкладзена ўсімі, хто ў адпаведнасці з законам павінен быў выкласці інфармацыю ў агульны доступ”.

Праўда, калі беларускія грамадзяне не маюць магчымасці без непасрэднага зварота да чыноўніка даведацца яго прыбытак, то ў расіян і ўкраінцаў узнікаюць іншыя пытанні. І галоўнае — ці праўду пішуць чыноўнікі ў сваіх дэкларацыях, распавядае Еўрарадыё журналістка Kyiv Post Наталка Васютын.

Наталка Васютын: “Частка з іх выкладае дэкларацыі, якія выклікаюць пытанні. Апошняя дэкларацыя Януковіча, якую выклала Адміністрацыя прэзідэнта, выклікала скандал. Гэта калі ён задэклараваў прыбытак у 16 мільёнаў грыўняў, а гэта каля 2 мільёнаў долараў, за тое, што прадаў аўтарскія правы на свае кнігі. Такіх ганарараў нават Стывен Кінг не мае!”

Такія ж пытанні выклікала ў журналістаў леташняя дэкларацыя і, да прыкладу, сакратара Савета нацыянальнай бяспекі Украіны, і кіраўніка адміністрацыі Януковіча, і асобных дэпутатаў Вярхоўнай Рады.

Тая ж праблема і з расійскімі чыноўнікамі, абураецца дэпутат Аляксандр Чацверыкоў.

Аляксандр Чацверыкоў: “Дэкларацыя далёка не адлюстроўвае насамрэч заробленыя грошы. Насамрэч, зарабляюць зусім іншыя грошы і валодаюць зусім іншай маёмасцю, чым прапісваецца ў дэкларацыі”.

Тым не менш, зайшоўшы на старонку ўрада Расійскай Федэрацыі, Еўрарадыё без цяжкасцяў знаходзіць дэкларацыі ад прыбытку за мінулы год чыноўнікаў апарата. Да прыкладу, дырэктар Дэпартамента эканомікі і фінансаў Андрэй Белавусаў пазначыў прыбытак за 2011 год у памеры 3 мільёны 161 тысяча 360 рублёў і ўказаў, што мае ва ўласнасці кватэру. Жонка расійскага чыноўніка зарабіла за год 1 307 176 рублёў. А прэм’ер-міністр Украіны Мікалай Азараў задэклараваў 837 тысяч 264 грыўняў прыбытку, 3998 квадратных метраў зямлі ва ўласнасці, дом плошчай 594 “квадраты”, кватэру ў 190 “квадратаў” і гараж. Жонка Азарава Людміла зарабіла 73 тысячы 274 грыўняў, мае 1500 квадратных метраў зямлі і Lexus RX-400 H 2006 года.

Але калі з дэкларацыямі чыноўнікаў можа азнаёміцца кожны, то на недарэчнасці выкладзеных там звестак журналісты ці проста цікаўныя могуць звярнуць увагу фіскальных органаў. У Беларусі з просьбай да падаткавікоў аб такой праверцы можа звярнуцца толькі кіраўнік міністэрства ці ведамства, дзе працуе чыноўнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі