Чарнобыльскі шлях 2013 — онлайн, фота, відэа
Паўдзельнічала да тысячы чалавек. Падчас дэманстрацыі затрымоўвалі некалькіх удзельнікаў і журналістаў.
Фотарэпартаж з "Чарнобыльскага шляху-2013"
Відэа затрымання падчас Чарнобыльскага шляху
Людзі ў цывільным затрымлівалі ўдзельніка "Чарнобыльскага шляху" (фота)
Затрыманыя журналісты Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч
21:40 Журналістак "НН" Аксану Рудовіч і Ірыну Арахоўскую адпусцілі з РУУС, міліцыянты праглядзелі відэа, якое яны здымалі.
21:20 Каля 30 чалавек на чале з Рымашэўскім, Кастусёвым і Янукевічам паставілі свечкі каля Чарнобыльскай капліцы і праспявалі "Магутны божа". Акцыю можна лічыць завершанай. Па розных ацэнках удзельнічалі ад 400 чалавек да 1 тысячы.
21:15 Ірыну Сухій, Васіля Сінюхіна, Канстанціна Кірыленку і Вольгу Каскевіч адпусцілі з Першамайскага РУУСа. Журналісткі «Нашай Нівы» знаходзяцца ў РУУС Савецкага раёна.
21:05 Рымашэўскі збірае людзей, каб ісці да Капліцы. Стала вядома, што затрыманыя журналісткі «НН» Аксана Рудовіч і Ірына Арахоўская, здымалі збіццё анархіста Ігара Трухановіча.
20.54 Мітынг скончыўся. Цямнее. Арганізатары прапануюць людзям у прыватным парадку ускласці кветкі да Чарнобыльскай капліцы. Некаторыя карыстальнікі твітэр паведамляюць пра затрыманні. Людзей на плошчы Бангалор было менш, чым на мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіка.
20:40 Пачаўся мітынг. Віталь Рымашэўскі зачытвае петыцыю супраць АЭС. Твітэр "Свабоды" паведамляе, што на Багдановіча затрымалі некалькі анархістаў. Яны ў сінім мікрааўтобусе.
Затрыманыя журналісткі “Нашай нівы” Ірына Арахоўская і Аксана Рудовіч. Яны здымалі відэаапытанне на прыпынку “Плошча Бангалор”. Дзяўчат затрымалі проста ў тралейбусе. Яны вярталіся з плошчы Бангалор у рэдакцыю. Вывелі з тралейбуса, на прыпынку каля Гарызонта, людзі ў цывільным.
20:28 Атрымалася дамовіцца. Мегафон дазволілі пранесці на пляцоўку.
20:23 Мегафон не дазваляюць пранесці на пляцоўку. Гэта адзіная гукаўзмацняльная апаратура, якую гарадскія ўлады дазволілі выкарыстоўваць на мітынгу. Ёсць меркаванне, што на гэтым усё і скончыцца. Кастусёў і Рымашэўскі спрабуюць дамовіцца з міліцыянтамі.
20:17 Людзі праходзяць на пляцоўку. Ля ўваходу на пляцоўку пасярод плошчы Бангалор удзельнiкаў даглядаюць. Спецназ правярае торбы, кiшэнi. Людзей на вялікай пляцоўцы вельмі мала.
20:11 Янукевіч: У дадзеным выпадку галоўнае не колькасць людзей, а тое, што людзі выйшлі выказаць сваё стаўленне.
20:10 Анатоль Лябедзька паведамляе Еўрарадыё, што кіраўніка суполкі АГП у Астраўцы Міколу Уласевіча, які прабіраўся лясамі ў Мінск, затрымалі ў Маладзечне.
20:02 Удзельнікі дэманстрацыі дайшлі да плошчы Бангалор, дзе будзе мітынг. Да акцыі паспеў далучыцца Анатоль Лябедзька, які быў сёння затрыманы ў Астраўцы.
20:00 Каля Савецкага РУУС затрыманы праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч.
19:53 Калона падышла да McDonalds, канчатковы пункт плошча Бангалор ужо зусім блізка. Там людзей чакае каля 50 міліцыянтаў. На пераходзе каля плошчы Бангалор калону сустракае чалавек 10 у цывільным. Тэрыторыя пляцоўкі агароджана металаканструкцыямі і жоўтымі стужкамі. Стаяць 3 металашукальнікі, АМАП і міліцэйскія машыны.
19:47 Паводле інфармацыі БелаПАН, разам з Ірынай Сухій былі затрыманы актывісты Вольга Каскевіч, Васіль Сінюхін і Канстанцін Кірыленка. Высветлілася, што Таццяна Новікава, якая павінна зачытваць на мітынгу рэзалюцыю, не можа выйсці з кватэры — каля яе пад`езда невядомы чалавек у цывільным. Раней былі затрыманыя ўсе грамадскія актывісты, якія выйшлі з гэтай кватэры.
19:40 Калона падыходзiць да крамы "Рыга". Шэсце сёлета праходзіць спакойна і павольна. Лозунгі крычаць асобныя групы людзей, збольшага анархісты. Моладзь спявае песні гурта "Ляпис трубецкой".
19:30 Калона перайшла вуліцу Якуба Коласа. Там ідзе рамонт трамвайнай лініі. Праход вузкі. Людзей суправаджалі супрацоўнікі ДАІ.
На плошчы Бангалор з трох бакоў — металічная агароджа з металашукальнікамі, з дальняга боку — жоўтая стужка. Міліцыі пакуль няшмат, у асноўным яны стаяць побач з "рамкамі". На лавах у парку адпачываюць звычайныя людзі, шмат дзяцей.
19:22 Удзельнікі шэсця падыходзяць да вуліцы Якуба Коласа
19:13 Калона прайшла Дом друку. Удзельнiкi шэсця скандуюць "Не АЭС у Беларусi"
19:05 Калона падыходзіць да Сурганава. Заўважаны чалавек на мыліцах. Скандуюць: "Жыве Беларусь", "Верым, можам, пераможам".
19:00 Пачалося шэсце. Звоніць звон.
18:57 Пачалі фармаваць калону. Да акцыі далучылася група анархістаў
18:50 Людзей ужо каля тысячы. Шэсце яшчэ не пачалося. Крычаць "Жыве Беларусь".
18:40 Ля кінатэатра "Кастрычнік" зараз ужо каля 500 чалавек. Над натоўпам лунае некалькі дзясяткаў сцягоў. З палітычных лідараў прыйшлі Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Міхась Пашкевіч. Таксама тут паэт Генадзь Бураўкін і скульптар Алесь Шатэрнік. Таксама з'явіліся расцяжкі "Супраць Астравецкай АЭС" і "Чарнобыльскі шлях".
18:35 Сабралася каля 500 чалавек. Узнялi некалькi сцягоў. Хутка пачнецца шэсце.
18:30 На месцы збору каля 300 чалавек. Есць старшынi БХД, БНФ.
18:25 Зміцер Лукашук перадае, што на падыходах да кінатэатра "Кастрычнік" затрыманая старшыня антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава і старшыня арганізацыі "Экадом" Ірына Сухій. жанчын павезлі ў Першамайскі РАУС.
***
"Чарнобыльскі шлях-2012" (онлайн, фота, відэа)
У леташняй акцыі ўзялі ўдзел (па розных падліках) ад 1 да 2 тысяч чалавек. Каля 40 чалавек былі затрыманыя.
Фотарэпартаж з "Чарнобыльскага шляху 2012" у Мінску
Рамкі металашукальнікаў, сімвалы радыяцыйнай бяспекі на тварах, сцягі ўсіх колераў вясёлкі і смерць-пудзіла.
За два тыдня да шэсця "Зялёныя" прапанавалі пазбавіць мерапрыемства палітызаванасці і зрабіць цалкам экалагічным. Маўляў, гэта дапаможа вярнуць масавасць. Але найбольш верагодна, што сёлета "Чарнобыльскі шлях" пройдзе ў звыклым рэжыме.
Падчас "Чарнобыльскага шляху" будуць збіраць грошы для хворых на анкалогію дзяцей. Сабраныя сродкі перададуць у адзін са шпіталёў.
Цікава, што аргкамітэт па правядзенні “Чарнобыльскага шляху” распускаць пасля шэсця не будуць. Актывісты лічаць, што яго існаванне дапаможа змагацца з будаўніцтвам Астравецкай АЭС.