Часцей за ўсё беларусы бягуць у Швецыю, Нідэрланды і Швейцарыю
У 2011 годзе рэзка ўзрасла колькасць беларусаў, якія папрасілі прытулак у еўрапейскіх краінах
20 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень уцекача. Еўрарадыё высвятляла, дзе беларусы часцей просяць прытулку, і як жывецца ўцекачам.
Нядаўна Вярхоўны камісар па справах уцекачоў прадставіў штогадовы статыстычны даклад,
з якога вынікае, што ў 2011 годзе 1441 беларус папрасіў прытулку ў краінах Еўропы. Інфармацыю ААН прадставілі 38 еўрапейскіх краін, але падрабязных дадзеных па кожнай з іх няма.
Статыстычная служба ЕС Еўрастат мае інфармацыю па 31 краіне - усіх краінах ЕС, а таксама Нарвегіі, Швейцарыі, Ліхтэнштэйну і Ісландыі. Лічбы даступныя па кожнай.
І па статыстыцы службаў ААН, і па дадзеных Еўрастата бачны рэзкі рост колькасці беларусаў, якія звярнуліся па прытулак. Так, паводле Еўрастата, у 2009 г. За атртыманнем прытулку звярнуліся 945 беларусаў, у 2010 – 910, а ў 2011 – 1410! Такім чынам, іх колькасць павялічылася ажно на 55%, што выглядае даволі трывожна.
Большы рост колькасці уцекачоў у еўрапейскія краіны ў 2011 г. у параўнанні з 2010-м назіраўся толькі з Пакістана, Сірыі, Туніса, Кот-Д’івуара, Лівіі, Албаніі, Марока, Ганы, Егіпта, Малі. Гэта значыць, з краін, дзе адбываюцца, ці нядаўна адбываліся этнічныя канфлікты і ваенныя дзеянні.
Але праваабаронца Алег Гулак мяркуе, што такое рэзкае павялічэнне колькасці ўцекачоў з Беларусі адбылося ў першую чаргу з-за рэзкага эканамічнага пагаршэння, а не з-за росту інтэнсіўнасці палітычных рэпрэсій.
Алег Гулак: “Перш за ўсё гуляе фактар эканамічны. Іншая справа, што сітуацыя з рэпрэсіямі выклікае ў людзей разуменне, што сітуацыя ў краіне закансерваваная і будучыні тут няма”.
Цікава, што больш за палову заявак прыходзіцца на краіны Паўночнай Еўропы – Швецыю (430)*, Фінляндыю (80), Нарвегію (50) - і Нідэрланды (270). Іншыя “папулярныя” краіны – Швейцарыя (135), Францыя (100), Нямеччына і Бельгія (па 95). Выглядае, што беларусы імкнуцца выбіраць больш заможныя краіны.
А вось у суседніх краінах – Літве, Польшчы і Латвіі – беларусы просяць прытулак адносна рэдка. Так, у мінулым годзе, 20 заявак паступіла ў літоўскія органы, 80 – польскія, і ніводзін беларус не папрасіў прытулку ў Латвіі.
Заўважым, што ў статыстыцы гаворка ідзе пра колькасць пададзеных заявак. Звычайна больш за палову з іх кампетэнтныя органы краін адхіляюць. Напрыклад, у 2011 г. статус уцекача ў Польшчы прадставілі 25-ці беларусам, а ў Літве – 5-ці.
Ігар Сухарукаў – грамадскі дзеяч з Наваполацку, які з'ехаў з Беларусі па палітычных прычынах і атрымаў статус уцекача ў Літве чатыры гады таму. Ігар кажа, што жыццё ўцекачоў першы час па прыбыцці зусім не салодкае. Амаль два гады яму даводзілася цяжка і не па спецыяльнасці працаваць.
Ігар Сухарукаў: “Працаваў на складах за малыя грошы. Цяжкая праца, выгружаў фуры, па выходных у тым ліку...”
Праблема яшчэ і ў тым, дадае Ігар, што беларусам бракуе салідарнасці і беларуская дыяспара не дапамагае "сваім" так, як некаторыя іншыя дыяспары. Цяпер Ігар вывучыў літоўскую мову, знайшоў новых сяброў і знаёмых, і стала прасцей. Нават лепей, чым было ў Беларусі, прызнаецца ўцякач.
Ігар Сухарукаў: “Жыццё наладзілася! Зараз працую інжынерам па сваёй спецыяльнасці, займаюся астралогіяй, друкую свае артыкулы. Я сябра некаторых літоўскіх грамадскіх арганізацый. Адным словам, інтэграваўся! Калі цяпер параўнаць з матэрыяльнага гледзішча і сацыяльны лад, то тут мне значна лепей, чым было ў Беларусі, дзе мне не давалі нармальна жыць, прысуджалі штрафы за дзейнасць. Нацярпеўся...”
*Заўвага: колькасць заявак у статыстычных дакументах акругленая да 5-і.