Чыноўнікі забараняюць пікеты на плошчах, каля прыпынкаў і рэдакцыяў

Так, у Мінску месцаў для пікетаў па зборы подпісаў стала менш, чым раней. Пад забарону трапілі галоўныя гарадскія плошчы, метро, будынкі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычныя і вайсковыя ўстановы, рэдакцыі СМІ ды некаторыя іншыя аб'екты.

У Магілёве, як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", забаронена ставіць пікеты на цэнтральных плошчах, на аб’ектах чыгуначнага транспарту і ў падземных пешаходных пераходах. Таксама забарона закранула органы кіравання, сілавыя структуры і рэдакцыі СМІ. Аналагічныя забароны прынятыя ў Кіраўску Магілёўскай вобласці. Там, праўда, пад забарону трапілі яшчэ аўтастанцыі ды аўтапарк.

Гомельскія чыноўнікі ў спіс забароненых дадалі яшчэ прыпынкі грамадскага транспарту, прадпрыемствы вода- і цеплазабеспячэння. Асабліва цікава гучыць адзін з пунктаў забароны — месцы, "дзе функцыянаванне пікетаў будзе ствараць перашкоды дзейнасці арганізацый ці ўяўляць небяспеку для жыцця і здароўя удзельнікаў пікетаў". Амаль ідэнтычныя пастановы прынялі чыноўнікі двух гарадоў Гомельшчыны — Рагачова і Жлобіна.

Вынаходства чыноўнікаў Пінску — забарона збіраць подпісы каля гатэляў ды інтэрнатаў, плошчах "і іншых месцах, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва". А раённыя чыноўнікі ў пералік забароненых унеслі пешаходныя пераходы, масты, помнікі архітэктуры, гісторыі і культуры, вайсковыя могілкі, тэрыторыі культавых будынкаў.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі