Да журналіста Аляксандра Баразенкі не пусцілі адваката
Адміністрацыя турмы на Акрэсціна заявіла, што ў цэнтры часовага ўтрымання няма вольных памяшканняў для сустрэчы.
Нагадаем, што журналіста арыштавалі на 11 сутак за тое, што ён здымаў на відэа акцыю салідарнасці з палітвязнямі. У турме Баразенка абвясціў галадоўку пратэсту.
Як паведамляе Радыё "Свабода", 11 студзеня да яго спрабаваў прайсці адвакат. Ён хацеў скласці касацыйную скаргу і даведацца пра справы і стан здароўя. Але да Баразенкі абаронца не трапіў.
Калегі журналіста мяркуюць, што ён працягвае галадоўку, і перадаюць яму сокі.
Напярэдадні міжнародная арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў" (CPJ) асудзіла арышт Аляксандра Баразенкі і заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць яго.