Дэпартамент выканання пакаранняў: інфармацыі аб памілаванні палітычных няма
Аб гэтым Еўрарадыё паведамілі ў ДВП. Такім чынам, ці выйдуць на волю Саннікаў і Бандарэнка, па-ранейшаму невядома.
Нагадаем, што 5 красавіка кіраўнік Беларусі на нарадзе, прысвечанай пытанням знешняй палітыкі, паведаміў, што збіраецца памілаваць “так званых палітвязняў”. Як адзначыў тады Лукашэнка, ён гэта зробіць “у бліжэйшы час”, будзе "прынятае рашэнне па некаторых асобах". Прычым, ён падкрэсліў, што на волю змогуць выйсці толькі тыя, хто пісаў прашэнні аб памілаванні (вядома, што іх пісалі Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка): "Хтосьці, адзін-два, не захацелі пісаць. Добра, гэта іх выбар. Няхай сядзяць!".
На здымку з архіву акцыя на плошчы Незалежнасці ў Мінску ў 1998 годзе. Злева расцяжку з надпісам "Свободу политзаключённым!" трымае цяперашні палітвязень Зміцер Бандарэнка. Фота — bymedia.net