Дэпутат: Не я адна плачу ў нашай краіне крэдыты — кручуся!
Каб пабудаваць кватэру ў Мінску, дэпутат са Слуцка ўзяла 109 мільёнаў рублёў крэдыту.
Напрыканцы дэпутацкага тэрміна народная абранніца Інэса Кляшчук здолела значна палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — пабудавала кватэру. Прычым, не ў родным Слуцку, дзе абіралася дэпутатам парламента, а ў Мінску. Для гэтага яна ў 2011 годзе ўзяла звыш 109 мільёнаў рублёў “будаўнічага” крэдыту ў “Беларусбанку”.
Паводле звестках, за гэты год дэпутатка мела 77 мільёнаў прыбытку. А гэта — крыху менш за 6,5 мільёна ў месяц. Ці складана было з такім заробкам атрымаць такі буйны крэдыт падчас шалёнай дэвальвацыі, цікавіцца Еўрарадыё.
Інэса Кляшчук: “Ну, дык у мяне ж паручальнікі! Я ж паручальнікаў брала — я ўзяла, ды і ўсё! Я нічога не парушала, усё згодна з заканадаўствам!”
Што сёння трэба, каб атрымаць такі буйны крэдыт на будаўніцтва жылля з заробкам 6-6,5 мільёна рублёў у месяц, вырашыла даведацца Еўрарадыё. І ідзе ў “Беларусбанк”.
“Беларусбанк”: “Калі 6 мільёнаў рублёў прыбытак, то магчыма крэдытаванне каля 140 мільёнаў рублёў. Гэта пад 20% на 20 гадоў для тых, хто стаіць на чарзе. Хто не стаіць на чарзе — 80 мільёнаў”.
У "Белаграпрамбанку" можна разлічваць на крэдыт у 142 мільёны рублёў.
“Белаграпрамбанк”: “Як чалавек, які мае патрэбу ў жыллі, — 142, а як той, хто такой патрэбы не мае, — 107. У першым выпадку фіксаваная стаўка будзе 25%, у другім — стаўка рэфінансавання плюс 5 адсоткавых пунктаў. Ці 35%. Паколькі крэдыт больш за 100 мільёнаў, то трэба і жыллё, што будуецца, пакідаць у залог і мець як мінімум два паручальнікі. Заробак агульны паручальнікаў павінен складаць 8,4 – 8,5 мільёна рублёў у месяц”.
Найхутчэй, у 2011 годзе народная абранніца паспела ўзяць крэдыт пад іншы працэнт — на пачатку года банкі крэдытавалі пад 17-18%. Але і ў такім выпадку штомесячныя выплаты па крэдыце складаюць звыш 3 мільёнаў рублёў. Не складана?
Інэса Кляшчук: “Натуральна, складана, але стараюся. Я ніколі, колькі крэдыты брала, не была ў пазыках, ніколі даўжніком не была. Як бы ні было складана — адшукваю сродкі. Я заўсёды прывыкла выконваць абавязацельствы, якія на сябе бяру. Кручуся!”
Як яна “круціцца”, каб выплачваць крэдыт банку, дэпутат не ўдакладняе. Але паводле заканадаўства, працаваць дзесьці, апроч Палаты прадстаўнікоў, народнаму абранніку забаронена. Адзінае — можна выкладаць. І хоць Інэса Кляшчук на пачатку сваёй кар’еры працавала выкладчыкам матэматыкі і інфарматыкі ў вясковых школах Случчыны, але і далей хоча атрымліваць заробак дэпутата, а не настаўніка. І таму балатуецца на другі тэрмін.
Дарэчы, калі дэпутат паспела ўзяць гэты свой крэдыт да дэвальвацыі, то ў доларах за гэты год ён патаннеў з 35 тысяч долараў да 13 тысяч.
Фота: http://fota.bymedia.net/