DJ.I.F.U: "У нас усе любяць дармаўшчыну, у Лондане такое не праходзіць"

120207 I.F.U. interview - web.mp3

Аляксей — беларускі тэхна-хаўз дыджэй, калі ў Беларусі праводзіліся інтэрнэт-апытанні "Хто лепшы дыджэй года?" — заўсёды займаў першыя ці другія месцы, а яшчэ адзначыўся тым, што дапамагаў вазіць у Мінск крутых дыджэяў з лэйблаў Renaissance і Ministry of Sound, ды і шмат якіх іншых.

Падабраўшыся да 20-годдзя сваёй дыджэйскай кар'еры, два гады таму Аляксей знік з беларускай прасторы, таму што вырашыў павысіць кваліфікацыю і павучыцца ў Лондане ў прэстыжным SАЕ-інстытуце. А нядаўна, нарэшце, вярнуўся, поўны экспірыенсу і жадання штосьці ў Беларусі зноў рабіць.

Еўрарадыё: Апошняе тваё інтэрв'ю на Еўрарадыё было перад паездкай у Лондан на вучобу ў SAE-інстытуце. Скажы, чаму ты там навучыўся?

 

I.F.U.: Інстытут крыху не апраўдаў мае надзеі. Хоць ён лічыцца самым буйным мультымедыйным інстытутам, з 50-ю філіяламі ва ўсім свеце, сур'ёзнай тэхнічнай базай, піярам і маркетынгам на вышэйшым узроўні... Але пры гэтым я не ведаю ніводнага чалавека, які адтуль выйшаў задаволеным і атрымаўшым шмат ведаў.

Спачатку ў мяне быў год гукарэжысуры. Першыя 4 месяцы вельмі жорсткай нуднай тэорыі, пачынаючы з лагарыфмічнай матэматыкі і заканчваючы сальфеджыа. Мы не бачылі ніякіх студый, вылі проста: "Што мы тут робім?"

А потым пачалася суперхуткая і "імгненная" практыка — усяго пара заняткаў за найскладанейшымі лічбавымі кансолямі, і потым трэба здаваць іспыт. Уявіце сабе, што 70 чалавек жадаюць дакрануцца лішні разок да гэтага пульта, таму яны становяцца ў чаргу, займаюць час не толькі днём, але і раніцай, нават уначы.

Карацей, калі ў нас у групе пачынала вучыцца 18 чалавек, скончыла 7, і з іх толькі 3 пайшлі на вышэйшую адукацыю, на dergree.

Еўрарадыё: Як доўга ты правучыўся?

 

DJ I.F.U.: Я давучыўся да канца, таму што я з краіны "трэцяга свету", нам трэба аплачваць адразу ўвесь курс навучання, атрымліваць візу менавіта "на вучобу", г.зн. нікуды не можаш дзёрнуцца, калі ўжо вучышся — калі ласка, вучыся да канца.

Я разумеў, што ведаю па сваім жыццёвым досведзе значна больш, чым усе гэтыя выкладчыкі 

DJ I.F.U.: Потым я перайшоў на другі курс — музычны бізнэс. Я адразу жадаў на яго пайсці, але ў год, калі я паступаў, гэтага курсу не было.

На музычным бізнэсе была зусім процілеглая гісторыя — інстытут быў проста не гатовы да курсу. Прыходзілі выкладчыкі, якія наогул фішку не сякуць у музычнай індустрыі. Яны вучылі, як на маладых гуртах, якія толькі 8 разоў у падвале прарэпетыравалі, зарабіць 40 фунтаў.

Еўрарадыё: І як, цікава?

 

DJ I.F.U.: Кшталту, "Мэнэджар гурта! Будзьце гатовы быць адначасова і гукааператарам, і кіроўцам, каб вазіць гурт на гастролі". Мы абураліся: "Прабачыце, а не маглі б вы распавесці, як працуе вялікі музычны бізнэс? Як робіць канцэрты гурт U2? Учора былі на канцэрце Gorillaz — у іх 18 чалавек на сцэне, што яны ўсё робяць? Якая каманда ў Мадонны?" У выніку, усе гэтыя выкладчыкі не маглі нам нічога трапнага адказаць.

Яшчэ, напрыклад, людзі, якія займаюцца жывой, гітарнай музыкай, зусім не разумеюць, як працуе індустрыя танцавальнай электроннай музыкі. І я разумеў, што ведаю на сваім жыццёвым досведзе значна больш, чым усе гэтыя выкладчыкі. І я нават не саромеўся, часам казаў ім "вы не маеце рацыі".

І я не адзін такі быў, дарэчы. Былі людзі з досведам, у якіх свае лэйблы, якія ўжо працавалі тур-мэнэджарамі. А былі і маладыя англічане па 17-19 гадоў, якіх бацькі паслалі вучыцца. Яны сядзелі ціха за партамі, канспектавалі, і не разумелі, што так, а што не так.

Яшчэ бывала, што выкладчыкі не прыходзілі ў клас. Сядзіш паўгадзіны, чакаеш, а мэнэджар курсу нават і не ведае, што выкладчык не прыйдзе сёння. Мы пісалі лісты з прашэннямі, каб гэтых выкладчыкаў нам замянілі. А натуральна, гэтыя выкладчыкі разумеюць, што штосьці тут не тое, сыходзяць, а інстытут не ў стане знайсці ім замену. І такіх момантаў было вельмі шмат.

Еўрарадыё: Калі не сакрэт, колькі ты заплаціў за 2 гады навучання?

 

DJ I.F.U.: ...Прыкладна... 17 тысяч фунтаў.

Для мяне гэта быў чарговы досвед, жыццёвы досвед. Па-першае, гэта жыццё ў Лондане. Апроч вучобы, я вельмі шмат тусаваўся. Нягледзячы на тое, што я тэхна-дыджэй, мяне вельмі моцна зацікавіла жывая музыка, канцэртная індустрыя, і я вельмі шмат зразумеў рэчаў у гэтай сферы.

І потым, гэта кантакты. Калі ты вучышся ў такіх гарадах, ты плаціш за брэнд. Брэндам называецца горад Лондан. Школ, як SАЕ, шмат, але калі б гэта школа была ў Гамбургу ці Манхайме, было б зусім не тое.

Клубы не ў такім фаворы, як восем "сакрэтных месцаў" 

Еўрарадыё: Ты наведаў шмат розных мерапрыемстваў у Лондане. Чым яны канцэптуальна адрозніваюцца ад таго, што ёсць у Мінску?

 

DJ I.F.U.: Там цяпер вельмі цікавая з'ява, якой ў нас няма... і не будзе. Нават у Берліне не асабліва ёсць. Там вечарынкі, самыя прыкольныя, робяцца ў сакрэтных месцах — secret locations ці warehouse party.

Як працуе гэта сістэма: прамоўтары, якія ужо сябе зарэкамендавалі, букіруюць вядомых крутых дыск-жакеяў і даюць інфармацыю пра гэта ў інтэрнэце, адразу прапануючы папярэдне купіць квіткі. Пры гэтым месца, дзе будзе праходзіць мерапрыемства, не аб'яўляецца.

Ідзе рэклама, а потым, за 5-8 дзён да мерапрыемства, арганізатары глядзяць, які ажыятаж з нагоды іх вечарынкі, як прадаюцца квіткі, і на падставе гэтага вырашаюць, на колькі чалавек рабіць — на 300, 500, ці 1000, ці нават на 2000.

У Лондане цяпер вельмі шмат памяшканняў на складах, у падвалах, пад рознымі аркамі, мастамі, і сярод іх ёсць велізарныя памяшканні на 3 танцпляцы ёмістасцю да 2,5 тысяч чалавек. Каб зрабіць там вечарынку, яны бяруць разавыя ліцэнзіі, прывозяць крутыя саўнд-сістэмы, усталёўваюць бар, мінімальнае святло, усё крута робяць, і літаральна за 2-3 дні да мерапрыемства аб'яўляюць, у якім менавіта warehouse ці secret location будзе іх "сакрэтная" вечарынка.

Я такіх ведаю ўжо месцаў восем, і па гэтых месцах увесь час цыркулююць вечарынкі. Цяпер нават клубы ў Лондане не ў такім фаворы, як гэтыя восем сакрэтных месцаў.

Еўрарадыё: Які падыход у арганізацыі мерапрыемстваў у Лондане? Бо ты там рабіў і свае вечарынкі.

 

DJ I.F.U.: Заўсёды ўлічваецца канкурэнцыя. Там яна велізарная. У Беларусі канкурэнцыі не так шмат, а дзесьці нават і няма, для многіх — неаранае поле.

Калі я прыехаў у Лондан 10 гадоў таму, зразумеў адну штуку: калі ў нас з-за нейкай ляноты, непрафесіяналізму, людзі любяць рабіць усё на халяву, кшталту "ай, як атрымаецца, так і атрымаецца, ну, не дарабілі дзесьці, ну і добра". У Лондане гэты момант не праходзіць. Калі ты спазніўся на 15 хвілін — ты спазніўся. Замест цябе прыйдзе хтосьці іншы, і ён зробіць лепш.

Там вельмі выразна ставяцца менавіта да прафесіяналізму, якасці працы, і я памятаю, што гадоў 10 таму, я і іншыя беларусы на гэта накалваліся. І гэта ва ўсім, ва ўсіх сферах.

У чацвер — жывая музыка, у пятніцу — андэграўнднае тэхна

Еўрарадыё: Распавядзі пра вечарынкі "Kautchuk", якія ты рабіў у Лондане. Якая іх канцэпцыя? Чаму яны вандруюць па розных клубах?

 

DJ I.F.U.: Калі ты памятаеш мае вечарынкі ў "Белай Вежы", ці яшчэ дзе-небудзь, у іх заўсёды была адна назва — Teckstyle/Тэкстыль, ці Deep-o-tech/Дыпатэка. Я не лічу, што на кожную вечарынку трэба прыдумваць новую назву.

У Лондане не існуе паняцце "прома-група", там гэта завецца "клуб", "клуб па інтарэсах". Вось Kautchuk — гэта свайго роду "клуб", які ствараюць пэўныя людзі на базе розных памяшканняў.

Што да музыкі — у залежнасці ад таго, як зоркі павярнуліся, і які ў мяне настрой, я ствараю розную праграму. Калі гэта серада ці чацвер, я разнастайваю праграму жывой музыкай, а калі пятніца-субота — зраблю андэграўнднае тэхна.

Яшчэ на маіх вечарынках заўсёды сур'ёзнае спалучэнне аўдыё і відэа. У Мінску мяне, дарэчы, злёгку расчаравала, што ўсё віджэі кудысьці зніклі. У мяне нядаўна была вечарынка ў "Лофце", і я элементарна не змог знайсці ніводнага віджэя.

Еўрарадыё: Якая публіка наведвала твае вечарынкі ў Лондане?

 

DJ I.F.U.: Зусім розная публіка. Але, вядома, адсоткаў 40% рускамоўных людзей, таму што ў Лондане я кантактую з вельмі многімі з іх. У мяне нават гралі рускія дыджэі, якія даўно там жывуць, і якія граюць клёвую музыку.

А наогул — лонданская публіка, якая ўвесь час тусуецца, якая праходзіць міма клуба і кажа: "О! Грае класны музон, давай зойдзем!"

Усё, што цяпер робяць Caribou і Four Tet, я купляю з заплюшчанымі вачыма 

Еўрарадыё: Распавядзі пра "класны музон". Што новага ты адкрыў для сябе, можа, які новы стыль палюбіў?

 

DJ I.F.U.: У апошні час я развіў у сабе любоў да жывой музыкі. Магу хадзіць на розныя канцэрты і проста раўсці ад шчасця. Усякія PJ Harvey, The Horrors — гэта, рэальна, маё.

А наогул, збіраю вельмі шмат bass music — прыгожай, спакойнай, басовай музыкі, дзесьці на аснове даб-стэпу, але не камерцыйнага-мэйнстрымавага, які ўсюды грае, а такога, які вельмі "расплаўляе", каб валяцца на канапах, чытаць кніжку. Але гэта для чылаўтных фарматаў.

Што да танцавальнай музыкі — акрамя ўсялякага тэхна і тэк-хаўза, мяне цікавіць хваля, якая пайшла з гуртамі Caribou і Four Tet. Гэта значыць, усё, што цяпер робяць Caribou і Four Tet я купляю на вініле з зачыненымі вачыма. Плюс яны робяць усялякія калабарацыі. Можа, хтосьці чуў Four Tet з Томам Ёркам і Burial. Я лічу, што гэта вельмі цікавая музыка на дадзены момант.

Калі гэта будзе папса, то яна папсой і застанецца, і ніякія беларускія этнічныя моманты не дапамогуць

Еўрарадыё: У Беларусі цяпер таксама цікавая хваля пайшла, называецца этна-электроніка. Як ты лічыш, ці можа дадзеная музыка быць запатрабаваная за Захадзе, ці і праўда, што гэта адзінае, чым мы можам казыраць (як лічаць некаторыя музыкі).

 

DJ I.F.U.: Калі шчыра, я ў гэтым глыбока сумняваюся. Цяпер музычны рынак перапоўнены. І, павер мне, афрыканская музыка, ці індыйскія этнічныя моманты нашмат больш экзатычныя і цікавыя еўрапейскаму і заходняму слухачу, чым славянская тэма.

Да таго ж, цяпер, дзякуючы Горану Брэгавічу і Gogol Bordello, крута вылезлі "балканы" і "цыганшчына" — такіх гуртоў навалам, але яны ўсё граюць у Лондане на бясплатных фестывлях. У клубах, з квіткамі хоць бы па 15 фунтаў, іх не знойдзеш.

Але калі казаць менавіта пра электронны складнік у этна, то няўдалыя для мяне прыклады — Kriwi і "Палац". Яны гэта ўсё рабілі на падложцы нейкай папсовай электронікі… Калі для мяне гэта не працуе, то для еўрапейскага слухача тым больш працаваць не будзе. Гэта нейкая банальшчына, якая ўсё адно застанецца ў нас унутры, у Беларусі. Максімум — Kriwi, якія жылі ва Ўсходнім Берліне, маглі там дзесьці граць для тых жа рускіх.

А новыя праекты — Shuma і нейкія іншыя я яшчэ не чуў. Цікава, вядома, будзе паслухаць, але трэба гэта вельмі акуратна прадзюсаваць. Калі гэта будзе папса, то яна папсой і застанецца, і ніякія беларускія этнічныя моманты не дапамогуць.

Вы жадаеце, каб RE:Public зачынілі нахер і ўсё? 

Еўрарадыё: Што ты думаеш пра сітуацыю з забароненымі музыкамі ў Беларусі і пра перыядычныя скандалы, якія ўзнікаюць на гэтай глебе сярод артыстаў, прадзюсараў, уладальнікаў клубаў? Ты на чыім баку гэтых барыкад?

 

DJ I.F.U.: Я тут, напэўна, магу заняцца прастытуцыяй… таму што ў мяне дваякае меркаванне на гэты конт. Міхалка я падтрымліваю. Што да чорнага спісу — гэта, вядома, велізарная дурасць з боку дзяржавы. Але, з іншага боку, хто там ёсць? Там вельмі шмат белроку, які мне ніколі ў жыцці не падабаўся. У музычным плане гэта відавочна местачковы прадукт, і максімум, на што цягнуць — сыграць канцэрт на "Басовішчы".

І цяпер, мне здаецца, адбываецца спекуляцыя, узняцце іх у вачах грамадства, што, маўляў, паглядзіце, мы такія апазіцыянеры, мы забароненыя музыкі, не можам нідзе выступіць і г.д. і да т.п. Але калі гэтым музыкам на дадзены момант нельга ў Беларусі граць — калі ласка, грайце дзе-небудзь у Расіі, ці дзесьці яшчэ. Пакажыце, што вы запатрабаваныя, пакажыце, што вы сапраўды цікавыя так, як "Ляпіс Трубяцкой".

Вы памятаеце, як пазачынялі усе гэтыя гурты ў 2004-м? Тады так не крычалі, як цяпер крычаць. А цяпер усе салідарнасць уключылі, ствараюць групы ў сац-сетках, кшталту "Не ідзіце на канцэрт адмененай "Крамбамбулі" ў Re:Public, таму што клуб ай-ай-ай так дрэнна паступіў". А вы хочаце, каб гэты клуб зачынілі нахер, і ўсё? А дзе тады маладым музыкам граць, якія не ў спісах, якія хочуць ствараць? Я лічу, гэта няправільна, дзіцячы садок, трэба глядзець глыбей у праблему і разумець, у якой краіне мы жывём.

Еўрарадыё: А калі б дыджэй I.F.U. нейкім чынам трапіў у чорны спіс?

 

DJ I.F.U.: Нічога страшнага, граў бы дзе-небудзь у Расіі, Польшчы, Украіне і гэтак далей, усё адно я б граў. Але на калег я б не крыўдзіўся, на арт-дырэктараў клубаў ці на іншых музыкаў, якія гралі б "замест мяне".

Гэта значыць, не трэба цяпер з гуртоў "Петля Пристрастия", Akute, і ўсіх, хто будзе граць 11-га ў Re:Public, рабіць ахвярных казлоў. Гэта зусім няправільна.

Многія музыкі кажуць: "Лёша, давай, зрабі што-небудзь!" 

Еўрарадыё: Калі I.F.U. адкрые ў Мінску свой клуб?

 

DJ I.F.U.: У мяне няма столькі грошай. І я не ўпэўнены, што хачу сутыкацца з мясцовымі рэаліямі. Я ўсё ж лічу сябе творчым чалавекам, а не бізнэсмэнам. Я магу гэта рабіць, але мне складана будзе ўзаемадзейнічаць з усімі інстанцыямі ў нашай дзяржаве. У Еўропе мне цікавей. У мяне там ёсць некалькі праектаў, але пакуль яны ніяк не звязаныя з Беларуссю.

Але для Беларусі ёсць некалькі ідэй. Хачу зрабіць у Re:Public вялікі канцэрт-фестываль. Я з дырэкцыяй, праўда, пра гэта яшчэ не размаўляў, але ўжо многія музыкі, ведаючы, што я цяпер цікаўлюся жывой музыкай, кажуць: "Лёша, давай, зрабі што-небудзь!".

Мне падабаюцца гурты, якія граюць на канцэртах Дзіша і Багданава, але я б яшчэ спалучаў іх і з гуртамі, у якіх ёсць гітарны драйв.

Еўрарадыё: Напрыклад, з якімі?

 

DJ I.F.U.: Мне вельмі падабаецца гурт Sang Sattawood, які тут наогул не грае чамусьці. Хоць у мяне ёсць альбом, і ён круты.

Яшчэ я жадаю з Антонам Крывулем зрабіць канцэрт гурта "МОХ" — яны цяпер выпускаюць новы альбом. Тыя ж The Toobes — можна рабіць не іх сольны канцэрт, а ўставіць у фармат такога фестывальчыка.

Ёсць яшчэ нейкія новыя гурты, пра якія мне цяпер талдычаць, што трэба абавязкова паслухаць — такі амерыканскі гараж, хард рок-н-рол, пост-панк. Не заўсёды іх паставіш з гуртом "Серебряная Свадьба", але штосьці можна прыдумаць.

Ці зрабіць канцэрт на 4 крутыя гурты са звычайным драйвам.

Еўрарадыё: Значыць, арганізатар вечарынак Аляксей Кутузаў трансфармуецца цяпер у арганізатара канцэртаў жывой музыкі?

 

DJ I.F.U.: Не абавязкова. Ёсць I.F.U. — гэта мой дыджэйскі псеўданім. Я граю музыку даўно, і буду працягваць граць, купляць пласцінкі.

Для электроннай музыкі ў мяне таксама ёсць праект — тэхна-вечарынка. Тры гады таму была серыя тэхна-вечарынак пад назвай "Тэхна Інтэлігенцыя". І мы з Дзянісам Лонданам хочам адрадзіць іх, хутчэй за ўсё, у клубе Fabrique, таму што больш няма дзе. Хочам сыграць тэхна пакалбасней, пожывей, у стылі Адама Баера, Крыса Лібінга, запрасіць шэраг такога ж плану дыджэяў і музыкаў. Такіх вечарынак цяпер бракуе ў Беларусі. Іх, у прынцыпе, няма.

На гэтых пазітыўных абяцаннях ад дыджэя I.F.U. і прамоўтара Аляксея Кутузава мы вас і пакінем — пераварваць атрыманую інфармацыю і слухаць добрую музыку. Да сустрэчы на жывых канцэртах і тэхна-вечарынках. Бай-бай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі