Дом пад Лагойскам адбудоўваюць, а прычыны выбуху не апублікавалі (фота)
Еўрарадыё наведала месца здарэння і паназірала за аднаўленнем разбуранага дому.
Выбух у ваенным гарадку ля вёскі Малінаўка пад Лагойскам адбыўся ў лютым. У выніку быў цалкам разбураны пад’езд вялікага трохпавярховага дома, адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі атрымалі цяжкія траўмы. Аднак ужо праз месяц улады вырашылі дом… аднавіць. І нават тэрміны назвалі – да 1 ліпеня.
Тым часам жыхары зруйнаванага дома расказваюць Еўрарадыё, што дагэтуль не ведаюць афіцыйнай прычыны здарэння.
“Ведаеце што, мы так і не бачылі заключэння. Альбо да нас яго не данеслі? Я памятаю, што нам казалі, быццам Следчы камітэт скончыў працу і ў траўні абнародуе вынікі расследавання”, – расказвае Тамара Буклеева.
Дом пачалі адбудоўваць у красавіку. Спачатку знеслі пашкоджаны пад’езд і прылягаючыя да яго кватэры, а потым пачалі аднаўляць будынак з цэглы.
Цікавае рашэнне, калі ўлічыць, што рэшта дома збудаваная з панеляў. Аднак будаўнікі запэўніваюць, што сучасныя матэрыялы дазволяць стварыць маналітную структуру.
Зараз праца вядзецца на першым паверху. Да першапачатковай даты здачы – 1 ліпеня – ніяк не паспець. Гавораць, што справяцца да кастрычніка. Калі толькі перабояў з матэрыяламі не будзе. Пакуль няма – усе пад’езды да будынка заваленыя стосамі чырвонай цэглы і жалезабетоннымі канструкцыямі. Тым часам пацярпелыя жыхары дома жывуць у родных, знаёмых і на здымных кватэрах.
“Мы здымаем жыллё. Сто долараў нам аплачваюць з фонду ахвяраванняў, які збіралі ўсёй краінай”.
Грошы для пацярпелых далі грамадзяне. Толькі вайскоўцы назбіралі 180 мільёнаў. Большую частку грошай перадалі маладому лейтэнанту, які ў выніку выбуху стаў інвалідам.
“Міністэрства абароны таксама збірала. Афіцэры з усіх частак. Яны сабралі каля 180 мільёнаў. З іх сто аддалі лейтэнанту, якому адарвала нагу. І іншыя грошы падзялілі”.
Так дом выглядаў праз некалькі гадзін пасля выбуху.
Пакуль чыноўнікі марудзяць з афіцыйнай версіяй выбуху – а прайшло ўжо амаль чатыры месяцы – па Лагойску плодзяцца неафіцыйныя. Таксіст, які вязе карэспандэнта да разбуранага дома, расказвае пра газ. Кіроўца маршруткі – пра выбухоўку. У райвыканкаме таксама кажуць пра выбух бытавога газу, аднак пры гэтым разводзяць рукамі – газу там проста не было адкуль узяцца, яго перакрылі на некалькі гадзін раней. А вось Следчы камітэт пакуль маўчыць – афіцыйнага каментарыя там атрымаць не ўдалося.
“Ведаеце што, мы так і не бачылі заключэння. Альбо да нас яго не данеслі? Я памятаю, што нам казалі, быццам Следчы камітэт скончыў працу і ў траўні абнародуе вынікі расследавання”