Ду ю хэв мэп оф Беларус? Чаму замежнікі блытаюцца на вуліцах Мінска
Пад выглядам замежнага турыста журналіст Еўрарадыё паспрабаваў купіць мапу і зарыентавацца па ёй у беларускай сталіцы.
Прыкідваюся іншаземцам і спрабую ў цэнтры Мінска купіць карты горада і Беларусі. Размаўляю пры гэтым па-англійску. Найперш кіруюся да чыгуначнага вакзала. Першым на маім шляху трапляецца шапік з праваслаўнымі таварамі. Але ці здагадаецца пра гэта замежнік?
―Гуд Монінг, айм соры, мэйбі, ю хэв э мэп оф Беларус? ― звяртаюся да святых сясцёр, апранутых у манастырскую вопратку.
―Беларусь, так, ― энергічна адказвае адна з жанчын, паказваючы на малітвасловы, свечкі і металічныя крыжыкі. ― Але ў нас усё такое: іконы…
― Мэп ноу? Улітса, карта?
―Вуліцы ― не. Вы, напэўна, падыміцеся наверх, потым налева, і там будзе кіёск “Газеты, часопісы”.
Падымаемся наверх па эскалатары, знаходзім той самы кіёск, чакаем каля пяці хвілін да заканчэння “тэхнічнага перапынку”.
Пытаемся ў прадаўшчыцы па-англійску. Яна моўчкі дае мапу, напісаную ідэальнай беларускай лацінкай. Харошая карта: тут і славутыя беларускія мясціны, і нумары тэлефонаў музеяў.
Урывак карты Беларусі (складзена беларускай лацінкай)
―Ду ю хэв э мэп ов Мінск? ― цікавімся мапай ў адным з кіёскаў гандлёвага цэнтра “Сталіца” (месціцца непадалёк ад вакзала).
―Ноу, ― спалохана адказвае прадаўшчыца.
―Э мэп, ін інгліш, ― працягваю атакаваць.
―Я па-англійску не разумею.
―Карта, у-у-у-літса...
На гэта жанчына знайшла для нас мапу сталіцы за 5250 рублёў, зноў жа, аформленую ідэальнай беларускай лацінкай. Суму жанчына напісала на калькулятары.
Урывак карты Мінска (складзена беларускай лацінкай)
Таксама шукаем карты у некалькіх наземных кіёсках “Белпошты”, змешчаных у раёне вакзала і Галоўпаштамта.
―Мы не разумеем, ―замітусілася прадаўшчыца ў адным з кіёскаў.
―Мэп оф Мінск. Карта.
―Напэўна, не…
―Ду ю хэв э мэп оф Мінск? ― заходзім у вестыбюль “Галоўпаштамта”.
―Наборы? ― перапытвае прадаўшчыца?
―Но, мэп. Карта.
―Не, мы не прадаём.
У адным з кіёскаў (месціцца недалёка ад Прывакзальнай плошчы) нам змаглі прадаць карту за 10950 рублёў.
“Толькі руская, ― сказала прадаўшчыца, якая хоць і не размаўляла, але дала зразумець, што добра разумее англійскую. ― Вось тут праезд, а тут ― славутыя мясціны”.
Аказалася, што карты, складзеныя лацінкай, яшчэ ў 2010-м годзе выпусціла прадпрыемства “Белкартаграфія”.
Сталічныя станцыі метро, дарэчы, падпісаны беларускай лацінкай. Гэтак жа, як і на новых схемах мінскага метрапалітэна: Akademija Navuk, Plošča Pieramohi…
Дзе-нідзе ў Мінску былі спробы падпісаць вуліцы лацінскімі літарамі. Але не правіламі беларускай лацінкі ― а як-давядзецца. Niezalezhnastci sq. ― так дзіўна падпісана плошча Незалежнасці на ўказальніку ў цэнтры горада. У карце ж “Белкартаграфіі” яна падпісана граматнай беларускай лацінкай ― pl. Niezaležnasci. Такім чынам, прыезджы турыст, можа проста не скеміць, куды пайсці.
Да таго ж, нават у цэнтры Мінска ўказальнікі лацінскімі літарамі сустракаюцца рэдка. Вуліцы падпісаныя па-беларуску, кірыліцай. Так яно, па вялікім рахунку, і павінна быць. Але карты ў кіёсках прадаюцца рускамоўныя. Зноў жа, кіруючыся на “Мінск-Арэну”, турыст прачытае на шыльдачках “праспект Пераможцаў”. А ў карце напісана “пр-т Победителей”. Як кажуць выпівохі, без чаркі не разбярэшся.
З-за моўнага разнабою, які дапускаецца ў Беларусі, самая папулярная сусветная інтэрнэт-мапа maps.google.com падае назвы мінскіх вуліц адначасова і беларускай кірыліцай, і беларускай лацінскай і “як давядзецца лацінскімі літарамі”.
У картах maps.google.com беларускія вуліцы падпісаны і лацінкай, і беларускай кірыліцай, і лацінскімі літарамі ў стылі "як будзе так будзе"
Каб замежныя турысты не блыталіся на беларускіх вуліцах, відавочна, што трэба прывесці карты да аднаго строгага стандарту. То бок, падпісваць на іх усё па-беларуску (гэтак жа, як гэта зроблена на шыльдачках дамоў). Калі рабіць карты, дзе вуліцы падпісаныя лацінскімі літарамі, то гэта павінна быць унармаваная “Інстытутам мовы і літаратуры” беларуская лацінка, а не хаатычная “транслітарацыя”.
Да таго ж, кампетэнтным беларускім чыноўнікам не перашкодзіла б звязацца са складальнікамі maps.google.com, каб і там нашы вуліцы, будынкі, плошчы і музеі падпісалі згодна з беларускімі нормамі.