Дырэктар музея дзяржаўнасці сышоў праз 2 месяцы пасля адкрыцця
Сяргей Бяспанскі кажа, што яго задача была — стварыць музей.
Дырэктар музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці ўжо месяц, як не працуе. Пра гэта даведалася Еўрарадыё.
"Прасілі зрабіць экспазіцыю — праца зробленая. Гэтая мая праца — ствараць музеі для краіны", — тлумачыць Еўрарадыё прычыны сыхода сам Сяргей Бяспанскі. І кажа, што пакуль не працуе і разглядае варыянты новай працы, новага праекту.
"Шукаем іншыя варыянты, дзе можна прыкласці свае старанні і ўменні. Думаю займацца Першай сусветнай вайной. Яна ў Беларусі зусім не раскручаная, а гэта велізарны патэнцыял памяці, велізарны турыстычны патэнцыял, да і ўвогуле белая пляма для Беларусі. Хацелася б стварыць у Беларусі нешта падобнае да Народнага саюза Германіі. У нас вельмі шмат могілак недагледжаных, раскіданая ўся наша гісторыя. Напэўна, да гэтага прыкладземся".
Нагадаем, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці адкрыўся 20 ліпеня 2012 года. Еўрарадыё наведала яго пасля адкрыцця.