Дзе Беларусь возьме 3 мільярды долараў на вяртанне дзяржаўнай пазыкі?

2,3 мільярда долараў — такую суму пазыкаў ўрад мусіць вярнуць замежным крэдыторам у 2013 годзе. Яшчэ амаль 800 мільёнаў долараў ― працэнты па крэдытах.

Другі год запар самы буйны крэдытор Беларусі ― Міжнародны валютны фонд. Пасля студзеньскай дэвальвацыі ў 2009 годзе мы дамовіліся з МВФ на стабілізацыйны крэдыт ― $3,5 млрд. Апошні транш прыйшоў у красавіку 2010. Цяпер — час плаціць па рахунках.

Па звестках аналітыка даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандра Мухі, беларускі ўрад ужо вярнуў фонду каля 390 мільёнаў долараў. Наступная выплата асноўнай пазыкі ― 1 студзеня 2013-га. Цягам года нам давядзецца вярнуць МВФ прыкладна 1,627 мільярда долараў, а ў 2014 годзе ― яшчэ $1,373 млрд.

Піраміда

Грошы неслабыя. Не дзіва, што міністр фінансаў Андрэй Харкавец заяўляе пра намер Беларусі рэфінансаваць не менш за палову дзяржаўнай пазыкі. Гэта значыць, каб заплаціць па рахунках, ўрад плануе ўзяць… яшчэ 1,5 мільярда долараў крэдытаў!

“Будзем працаваць па наступных напрамках: па-першае, над атрыманнем крэдыту з Антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС у аб’ёме $0,9 млрд. Па-другое, пачалі працу па выхадзе на міжнародныя рынкі капіталу з мэтай магчымага размяшчэння дзяржаўных аблігацый у 2013 годзе”, — паведамляе кіраўнік Мінфіна на нарадзе 26 верасня.

Адзін з траншаў ад ЕўрАзЭС Беларусь ужо атрымала. Яшчэ 440 мільёнаў долараў пакуль што пад пытаннем. І “гэтае пытанне пераходзіць у палітычныя рамкі”, — канстатуе старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.

Гэтымі днямі дэлегацыя нашых чыноўнікаў у Сінгапуры прэзентуе аналітыкам і патэнцыйным інвестарам каштоўныя паперы Беларусі для азіяцкага рынку. Наклад бондаў складзе 500-600 мільёнаў долараў. Разам з грошамі ад АКФ ЕўрАзЭС атрымаецца якраз 1,5 мільярда долараў.

Бонд. Еўрабонд.

Па звестках Bloomberg, 23 кастрычніка 2012 года еўрабонды Беларусі першага выпуску гандляваліся з прыбытковасцю 8,884% (пакупка) і 8,166% (продаж), другога выпуску — 8,883% (пакупка) и 8,613% (продаж). Як разумець усе гэтыя лічбы?

“У нас было два выпускі еўрабондаў. Першы — з прыбытковасцю 8,75%, другі — крыху даражэйшы [8,95%. — Еўрарадыё]. Возьмем, да прыкладу, паперу з наміналам у 100 тысяч, — ацэньвае сітуацыю аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб. — Яна пачынае абарот на рынку. Калі краіне дрэнна, кошт на яе падае. Гэта значыць, што адсотак расце. То бок, ты паперу набыў, напрыклад, за 90 тысяч. А атрымаеш усё роўна фіксаваную стаўку”.

У выпадку з першым выпускам беларускіх аблігацый, фіксаваны прыбытак у 8 тысяч 750 долараў — гэта 8,75% ад 100 тысяч. А ад 90 тысяч гэта ўжо 9,72%. Такі прыбытак ад нашых бондаў атрымліваў той, хто на хвалі крызісу набыў іх танней, калі першапачатковыя ўладальнікі баяліся яшчэ глыбейшага падзення.

“Летась, калі краіна перажывала фінансавы крызіс, прыбытковасць нашых еўрабондаў апусцілася да 20%. Але цяпер сітуацыя стабілізавалася, і паперы вярнуліся прыкладна на ўзровень пачатковых коштаў. Цяпер іх прыбытковасць верціцца вакол 9%. Мяркую, што прыкладна такі ж адсотак Беларусі давядзецца плаціць за выпуск аблігацый, якія абмяркоўваецца ў Сінгапуры”, — працягвае Вадзім Іосуб.

Не хопіць грошай — дамовімся!

Бачна, што еўрабонды — не самая выгадная пазыка для Беларусі. Адсоткі па крэдытах ад МВФ і АКФ ЕўрАзЭС складаюць 3-4% гадавых. Аблігацыі даражэйшыя ў два разы. Але ці ёсць у Беларусі выбар?

“Калі ў нас не хопіць мільярда, напрыклад, ці крыху менш за мільярд, мы можам перакрэдытавацца, і можам дамовіцца пра адтэрміноўкі. Калі ў нас не будзе складацца праз крызіс, які нібыта набліжаецца ці ўжо ідзе, але мы пакуль па-за гэтым негатывам, мы дамовіліся з нашымі крэдыторамі, што мы можам адтэрмінаваць пагашэнне крэдытаў”, — заяўляе 26 верасня ў інтэрв’ю агенцтву Reuters Аляксандр Лукашэнка.

Хто можа даць Беларусі адтэрміноўку? МВФ наўрад ці пойдзе на адыход ад дамоўленасцяў. А даць новы крэдыт на вяртанне старога для фонда — дык і ўвогуле непрымальна. У Законе “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год”, як крэдыторы Беларусі, згаданыя таксама МБРР і ЕБРР, ЗША, Германія, Расія, Кітай, Венесуэла, Індыя. Верагоднасць, што мы зможам дамовіцца з Уга Чавесам і Уладзімірам Пуціным, такая ж вялікая, як і тая, што ў ЗША і ў Германіі на нашы прапановы адкажуць адмовай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі