Дзень Волі 2013: Моцны мароз і затрыманні (фота)

Апазіцыя вырашыла адзначаць Дзень Волі 24 сакавіка, бо дзень абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка прыпадае на панядзелак.

Улады не дазволілі збор ля Батанічнага сада і прызначылі месцам збору пляцоўку ля кінатэатра “Кастрычнік”, дзе зараз вядуцца будаўнічыя працы. Таму сёлета акцыя абмяжуецца шэсцем ад кінатэатра "Кастрычнік" да плошчы Бангалор і невялікім мітынгам там.

16:05 Паведамляецца, што сярод затрыманых у Савецкім РУУС трое грамадзян Украіны.

15:40 Назіральнікі праваабарончага цэнтру "Вясна" паведамляюць, што ў Савецкі РУУС Мінска прывезлі 8 чалавек.

15:30 Праваабарончы цэнтр Вясна паведамляе пра новыя затрыманні на Бангалоры: актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Алег Рагоўскі і Мікіта Кавалёў.


Сайт АГП паведамляе, што Зміцер Кавалгін і актывіст АГП Станіслаў Рамановіч былі затрыманыя міліцыяй на выхадзе з тралейбуса на скрыжаванні вуліц Веры Харужай і Максіма Багдановіча. Падчас затрымання адзін з супрацоўнікаў міліцыі нанёс Кавалгіну некалькі ўдараў па галаве. Пасля актывістаў абшукалі і адпусцілі. У Кавалгіна забралі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які сёння неслі на чале калоны і 2 сцяга паменш.

15:20 БелаПАН са спасылкай на Анатоля Лябедзьку паведамляе, што на прыпынку грамадскага транспарту ў раёне плошчы Бангалор затрыманыя два ўдзельнікі акцыі, адзін з якіх Зміцер Кавалгін з "Маладых дэмакратаў", на фота ён трымае плакат "Волю Коле". Па словах відавочцаў, да прыпынку пад'ехала машына з танаваным шклом, маладых людзей затрымалі і пасадзілі ў аўтамабіль.

 

Пачаліся затрыманні. Фота: Радыё Свабода.

14:50 Як паведамляе ПЦ "Вясна", каля "Макдональдс", што на вуліцы Багдановіча, затрыманыя 4 ўдзельнікі святкавання Дня Волі. Яны вярталіся на прыпынак з Бангалору пасля сканчэння мітынгу. 

14:27 Мітынг скончыўся. Людзі разыходзяцца, моладзь спявае песні. Рымашэўскі сабраў усе партрэты палітвязняў. А сцягі людзі знялі з вудаў і забралі з сабой. З плошчы Бангалор людзі сыходзяць спакойна, на выхадах нікога не затрымоўваюць.

14:20 Выступіў Віталь Рымашэўскі. Ён даведаўся, што спецназаўцам прыйшоў загад затрымліваць усіх, хто нёс партрэты палітвязняў, зніклых, або іншыя плакаты, а таксама вялікія сцягі. Таму Рымашэўскі парпанаваў людзям не выходзіць з плакатамі, каб не падстаўляцца, а аддаць арганізатарам, якія самі ўсё вынесуць.

14:05 Пачаўся мітынг. Выступіў старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. Ён казаў пра небяспеку незалежнасці, маўляў, прадалі Белтрансгаз, цяпер плануюць прадаць іншыя прадпрыемствы. А Расія хоча вярнуць сваю вялікую імперыю. Таму трэба рабіць усё, каб адстаяць незалежнасць, кажа Янукевіч.


У арганізатараў ёсць толькі мегафон, іншую гукаўзмацняльную апаратуру забаранілі.

13:58 Зараз палова людзей прайшла праз турнікеты. Яны чакаюць, пакуль пройдуць астатнія, тады пачнецца мітынг. Як адзначае карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук, людзей трошкі меней, чым удзельнічала ў шэсці.


"Пры мне некаторыя людзі не захацелі заходзіць на агароджаную пляцоўку на Бангалор і вырашылі сыходзіць. Таксама некаторыя адкалоліся на падыходзе, бо прыйшлі паўдзельнічаць толькі ў шэсці", — перадае Зміцер Лукашук.

13:45 Калона прыйшла на Бангалор. Тут таксама ўсё агароджана. Міліцыя пускае праз рамкі — металашукальнікі. Праводзіць дагляд. "Не тое, каб вельмі пільны, але просяць дастаць ключы, мабільнікі", паведамляе Алесь Пілецкі.

13:30 Калона падыходзіць да плошчы Бангалор. Пакуль людзі ішлі, два разы нехта страляў петардамі і запускаў феерверк. Шэсце ў гэтыя моманты спынялася. Міліцыя нікога не чапала.

13:22 Аператарку Наша Нівы Таццяну Гаўрыльчык выпусцілі з апорнага пункту.

13:20 Калона прайшла гандлёвы цэнтр "Еўропа". Як паведамляе Зміцер Лукашук, плакатаў людзі не трымаюць, бо існуе забарона Мінгарвыканкама на банеры і плакаты. Людзі толькі нясуць фоты палітвязняў. Скандуюць: "Жыве Беларусь" і "Свабоду палітвязням". Людзі ідуць па невялікай расчышчанай дарожцы, таму калона вельмі расцягнулася.

12:55 Калона ў суправаджэнні спецназу і ДАІ прайшла перакрыжаванне Якуба Коласа і Сурганава.

12:30 У гэтыя хвіліны людзі рушылі калонай ад кінатэатра "Кастрычнік" у бок вуліцы Сурганава, адкуль людзі пойдуць на плошчу Бангалор. Прысутнічае каля 2 тысяч чалавек.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што не ставілі за мэту сабраць шмат людзей. А паказаць, што людзі памятаюць пра гэтую дату. Дарэчы арганізатары павінны будуць аплаціць выдаткі за паслугі міліцыі і "хуткай". Сума пакуль не вядомая, але перадаплата "хуткай" абышлася ў 600 тысяч рублёў.

 

Людзі збіраюцца, але за агароджу не ідуць

Збор подпісаў за вуліцу імя Кастуся Каліноўскага ў Мінску

12:05 Затрымалі аператарку Нашай Нівы Таццяну Гаўрыльчык, - паведамляе Зміцер Лукашук. Нібыта, яна здымала на камеру супрацоўнікаў міліцыі. Паводле звестак Таццяна знаходзіцца ў апорным пункце міліцыі ў метро.

11:50 Сабралася каля 200 чалавек. Ужо дасталі сцягі — бел-чырвона-белыя, сцягі БХД і Еўрапейскай Беларусі.

11:40 Удзельнікаў акцыі цяпер каля 20-30 чалавек. Яны не заходзяць за агароджу а збіраюцца каля "Фрэш кафэ". Таксама прысутнічаюць каля 15 журналістаў. Ходзіць кіраўніцтва міліцыі, прынамсі Грышчанка. У кінатэатры грэюцца 5 асобаў з рацыямі. З вядомых людзей заўважаны Рымашэўскі і Шчукін.

11:30 Паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі:

Месца збору ля кінатэатра "Кастрычнік" агарадзілі турнікетамі. Спецназ прапускае праз рамкі металашукальнікаў. Удзельнікаў акцыі пакуль не бачна. За агароджай стаіць каля 10 міліцыянтаў у форме, столькі ж спецназаўцаў. Ёсць асобы ў цывільным з камерамі. У пераходзе станцыі метро таксама міліцыянты з гукаўзмацняльнікамі.

Фота з Facebook Андрэй Кабанаў

Сёлетні Дзень Волі мае сваю адметнасці, ён самы халодны ў ХХІ стагоддзі, а самы цёплы быў у 2004 годзе.

Ужо з'явіліся паведамленні, што да месца збору падцягваюць спецназ. Пра гэта ў сваім Facebook піша Міхаіл Гулін.

"Аўтазакі на Дарашэвіча — стаяць, байцы загружаныя — сядзяць!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі