З'езд 9 лютага не мае дачынення да партыі БХД — Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Адзін з кіраўнікоў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі абвяргае сваё выключэнне і кажа, што з'езд 9 лютага не мае дачынення да партыі.
Па яго словах, сустаршыня Георгій Дзмітрук быў выключаны з БХД яшчэ ў траўні 2023 года. А падчас апошняга з'езду прысутнічалі толькі пяць рэальных верыфікаваных сяброў БХД.
"Георгій Дзмітрук свядома ўводзіць у зман беларускія СМІ, выдаючы дзейнасць сваёй прыватнай ініцыятывы за працу аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", — заяўляе Рымашэўскі.
Дзейнасць Дзмітрука ён лічыць правакацыяй. Па словах Рымашэўскага, у партыі ёсць афіцыйнае кіраўніцтва і сябры, якія працуюць у тым ліку ўнутры краіны. А апошні сход адбыўся 8 лютага.
Як распавядала Еўрарадыё, раней з'явіліся паведамленні, што на выходных у Варшаве адбыўся сход партыі БХД. На ім з партыі выключылі былых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага і Вольгу Кавалькову, а таксама былога адказнага сакратара Дзяніса Садоўскага і былога кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.