Іна Шаўчэнка: Яны хацелі нас запалохаць, але мы яшчэ вернемся

У жывым эфіры Еўрарадыё актывістка арганізацыі Іна Шаўчэнка (на здымку ў цэнтры) расказала пра тое, што адбывалася з дзяўчатамі пасля выкрадання.

Еўрарадыё: Першае, што хацелася б запытаць, як вы адчуваеце сябе пасля гэтых выпрабаванняў?

Іна Шаўчэнка: Мы вярнуліся ў Кіеў літаральна дзве гадзіны таму – нас прывёз консул. Пра пачуцці гаварыць, мабыць, не варта: мы, вядома ж, перажывалі, былі спалоханыя... Добра, што так адбылося, бо гэта сапраўды тлумачыць і паказвае на ўвесь свет — што адбываецца ў Беларусі. Нам удалося расплюшчыць вочы, атрымалася паказаць усю карціну — мы не шкадуем, дарма, што сітуацыя для нас была вельмі небяспечная.

Еўрарадыё: Раскажыце пра сам момант — не скажу затрымання — выкрадання.

Іна Шаўчэнка: Гэта так і было. А сёмай вечара мы былі на платформе "Усходняга" вакзала ў Мінску, чакалі нашага аўтобуса на Гомель. Да нас падбеглі людзі ў чорнай вопратцы. Яны не прадставіліся, сілком схапілі нас за рукі і на вачах людзей зацягнулі нас у мікрааўтобус срэбнага колеру (у “Газэль”), забралі ўсе асабістыя рэчы: тэлефоны, дакументы...

Яны груба кінулі нас у мікрааўтобус, праз шыбы якога мы нічога не маглі пабачыць (вокны шчыльна былі засунутыя фіранкамі) — бачылі адно дваіх чалавек, што знаходзіліся перад намі. Яны дапытвалі нас: хто нас адправіў у Беларусь, хто праплаціў акцыю, хто прыдумаў ідэю, ці супрацоўнічаем мы з беларускай апазіцыяй, каго мы ведаем з беларускай апазіцыі.

Усю ноч мы знаходзіліся там. Людзі тыя прадставіліся "міліцыяй". Мы папрасілі завесці нас у пастарунак. На гэта яны вельмі злосна рэагавалі: мы будзем, маўляў, у аўтобусе столькі, колькі яны нам скажуць, мы абавязаныя рабіць усё на іх загад. Каля шостай раніцы нас перамясцілі з гэтага аўтобуса, у якім мы былі ўсю ноч, у іншы — цёмны мікрааўтобус, мадэлі якога мы ўжо не бачылі, бо нам загадалі заплюшчыць вочы.

Нам завязалі рукі пластыкавымі перавязкамі, рассадзілі па сядзеннях, паставілі ля кожнае з нас чалавека, які пільнаваў, каб мы не падносілі галавы. Калі мы расслабляліся і спрабавалі падняць голаву — нас збівалі. Яны казалі, што гэта апошнія гадзіны нашага жыцця, што мы адкажам за ўсё тое, што мы зрабілі ў Беларусі, за наш мірны пратэст, за тое, што мы прыехалі ў Беларусь і парушылі нейкі ўяўны спакой у гэтай краіне. Было вельмі страшна. Чатыры гадзіны...

Машына спынілася ў лесе, людзі гвалтоўна вывелі нас з аўтобуса, загадалі скінуць верхнюю вопратку, падняць плакат са свастыкай. Яны аблівалі нас машынным алеем, абрэзалі мне нажом валасы, палівалі зялёнкай. Яны прымусілі нас зняць ніжнюю чатку вопраткі, білі нас палкамі... Гэтыя людзі ўсяляк здзекваліся з нас — усё яны фіксавалі відэакамераю.

Пасля шматлікіх здзекаў яны загадалі нам апрануцца, ізноў гвалтоўна зацягнулі нас у аўтобус. Мы не ведалі, дзе гэта было, ехалі мы недзе каля дваццаці хвілін, пасля чаго яны выкінулі нас у лесе і сказалі, што калі мы пяройдзем цераз лес, то патрапім ва Ўкраіну. Мы хадзілі па лесе каля трох гадзін, не змаглі знайсці дарогі, заблукалі. Потым мы набрылі на беларускае мястэчка — Бекі.

Людзі дапамаглі нам звязацца з нашымі ўкраінскімі калегамі, але і там нас чакала небяспека. Да аднаго з жыхароў мястэчка, у якога мы былі, прыйшоў нейкі мужчына, які спрабаваў нас згвалціць, дамагаўся нас. Праз пэўны час прыехала міліцыя. Яны паведамілі, што консул Украіны неўзабаве прыбудзе і забралі нас на свой пастарунак. Адтуль нас узялі ў бальніцу, дзе нас агледзелі. Урач зафіксаваў сляды збіцця, стрэсавы стан дзяўчын, пасля гэтага нас зноў даставілі на пастарунак, дзе апыталі.

Еўрарадыё: Як рэагавалі людзі, калі вас забіралі? Ці не крыўдуеце вы на беларусаў, што не змаглі адбараніць вас?

Іна Шаўчэнка: Людзі, што былі на вакзале, былі шакаваныя — не паспелі адрэагаваць. Нават мы не разумелі, што робіцца. Гэта было арганізавана — мы ў тры секунды апынуліся ў аўтобусе. Вінаваціць беларусаў, што яны не адрэагавалі, я не магу, але ўсё ж такі мы ўбачылі, адчулі і праверылі на сабе, як беларускі народ запалоханы, як людзі баяцца рэжыму Лукашэнкі, баяцца выходзіць на пратэсты. Мы гэта ўсё адчулі на сабе, чаму людзі баяцца і што ім пагражае. Людзі ведаюць, што яны безабаронныя.

Еўрарадыё: Што вы збіраецеся рабіць далей?

Іна Шаўчэнка: Мы на гэтым не спынімся. Гэтыя людзі зрабілі гэта з канкрэтнаю мэтаю. Яны казалі нам, каб мы не і думалі больш з’яўляцца ў Беларусі. Я хачу зрабіць заяву: Мы плануем ужо наступную паездку ў Беларусь з пратэстам жаночага руху Femen. Я думаю, што гэта будзе не адзін пратэст. Нас не запалохаць!

Еўрарадыё: Вы не збіраецеся беларускіх дзяўчат узяць з сабою?

Іна Шаўчэнка: Мы вельмі хочам, каб беларускія жанчыны далучыліся да нас, мы кантактавалі з многімі дзяўчатамі. Яны ўсе нас падтрымліваюць, але баяцца выходзіць, як і рэшта грамадзян. Наша задача — паказаць на ўласным прыкладзе.

Фота, зробленыя па прыездзе ў Кіеў.

Фота: femen.livejournal.com

***

Нагадаем, што ўкраінак афіцыйна дэпартавалі з Беларусі. Хутка аформіць дакументы дапамаглі родныя, якія даслалі дыпламатам неабходныя дакументы і ўмяшальніцтва ўкраінскага боку. Каля гадзіны ночы трох актывістак вывезлі ва Украіну прадстаўнікі ўкраінскай амбасады ў Мінску.

Больш фота тут

00.50 Украінкі выехалі на консульскай машыне. Іх адправілі на Радзіму

Тры ўкраінскія феміністкі неўзабаве выедуць на Радзіму. Прадстаўнік памежнага камітэта заявіў журналістам у Ельску, што дзяўчат даставяць на пераходны пункт Новая рудня. Неўзабаве пасля гэтага ад РАУСа выехала консульская машына, на задніх крэслах якой сядзелі дзяўчаты.

23.30 Як паведаміў карэспандэнт Еўрарадыё Павел Свярдлоў, які знаходзіцца ў Ельску, дзяўчаты па-ранейшаму ў мясцовым РАЎС. Ва ўсіх відаць сінякі, гематомы на запясцях — верагодна ад кайданкаў. Валасы на галаве бландынкі аблітыя зялёнкай. Валасы сапраўды рэзалі, магчыма, нажом. Пра сэксуальны гвалт дзяўчыны не казалі.

Сваякі з Кіева перадалі дзяўчынам копіі пашпартоў, бо іх дакументы былі адабраныя невядомымі, якія над імі здзекаваліся. У Ельску знаходзіцца ўкраінскі консул.

Пакуль невядома, ці могуць дзяўчынам выставіць абвінавачанне ў парушэнні памежнага рэжыму (яны знаходзіліся ў памежнай зоне без дакументаў), альбо ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Мінску. Праўдападобна, сітуацыя праясніцца не раней раніцы 21 снежня.

***

Па словах начальніка Ельскага РАУС Анатоля Якімца, тры ўкраінкі сапраўды знаходзяцца ў іх. Ніякіх каментароў ён не дае, кажа, што ідзе разбіральніцтва.

Як паведамляе з Ельска карэспандэнт Еўрарадыё Павел Свярдлоў, дзяўчат затрымалі беларускія памежнікі за парушэнне рэжыму прыгранічнай зоны. Ім пагражае адміністрацыйнае пакаранне. У РАУСе знаходзіцца ўкраінскі консул, а сваякі дзяўчат ужо даслалі копіі пашпартоў. Як паспелі перадаць украінкі, іх затрымалі ў Мінску на Усходнім аўтавакзале шасцёра ў цывільным. Ім звязалі рукі і вывезлі ў невядомым накірунку. Акрамя таго, што нажом парэзалі валасы, Іне Шаўчэнцы (бландынцы) аблілі галаву зялёнкай.

Актывісткі Femen прайшлі медыцынскі агляд у Ельскай раённай бальніцы. Іх суправаджалі міліцыянты. Лекар адмовіўся даваць каментар, але пацвердзіў, што на целах дзяўчат ёсць гематомы.

***

Актывісткі FEMEN, якія ладзілі 19 снежня акцыю ля будынка КДБ у Мінску, знайшліся ў лесе ля вёскі Бекі Ельскага раёна Гомельскай вобласці.

Пра гэта сваёй калезе Аляксандры Шаўчэнцы паведаміла адна са зніклых учора феміністак Іна Шаўчэнка па тэлефоне, які пазычыла ў выпадковага мінака.

111220 Femen-Shauchenka.mp3

Шаўчэнка: “Іх выкінулі там голымі, без рэчаў, без тэлефонаў, без грошай. Яны збітыя, і ў іх астрыжаныя валасы”.

Падчас размовы з Еўрарадыё Аляксандра атрымала чарговае тэлефанаванне ад паплечніцы. Тая расказала, як іх затрымалі і дзе яны былі цэлую ноч.

Шаўчэнка: “Іх узялі на вакзале, завязалі ім вочы і ўсю ноч вазілі ў аўтобусе незразумела дзе, завезлі ў лес. А ў лесе іх аблілі алеем, пагражалі падпаліць, пагражалі нажом, збілі, абрэзалі ўсе валасы нажом. Гэта ўсё здымалі на відэакамеру. І раніцай пакінулі ў лесе. І яны пехам дайшлі да гэтай вёскі”.

Зараз FEMEN звяртаюцца да ўсіх беларусаў з просьбай прытуліць у сябе Іну Шаўчэнку і яе сябровак да таго часу, пакуль за імі не прыедуць супрацоўнікі ўкраінскай амбасады ў Мінску.

Феміністкі абураныя тым, як ставяцца да жанчын супрацоўнікі спецслужбаў і праваахоўных органаў Беларусі. А менавіта яны, кажа Аляксандра Шаўчэнка, і зрабілі гэта з дзяўчатамі. Што праўда, ніхто з крыўдзіцеляў дзяўчатам свае пасведчанні не паказваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі