Эканаміст: Каб апынуцца ў інфляцыі 90-х, нам яшчэ трэба 2-3 гады

120105 Nasta Inflacija.mp3

З пачатку года інфляцыя ў Беларусі склала 104%. Гэта абсалютны рэкорд сярод Еўрапейскіх краін! Нават у Грэцыі, што сваёй эканомікай цягне Еўрасаюз уніз, у 2011 годзе кошты выраслі на 3%.


Магчыма, у Афрыцы цэны раслі гэтак жа хутка? Еўрарадыё даведалася, ці была дзесьці яшчэ такая інфляцыя ў мінулым годзе. Цалкам верагодна, што сапраўды Беларусь стала лідарам ва ўсім свеце, - кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.


Іосуб: “У пазамінулым годзе ў Зімбабве было весела. А ў гэтым такой вялікай інфляцыі нідзе не было… Штосьці было яшчэ ў Венесуэле, калі не памыляюся”.


У Венесуэле, па падліках МВФ, інфляцыя была троху большай за 30%. Пасля Венесуэлы ў спісе краін з самай высокай інфляцыяй ідзе Манголія, там цэны растуць з хуткасцю 20% за год.


Па дадзеных міжнародных экспертаў, апроч Зімбабве, у пяцёрку лідараў па тэмпах інфляцыі ўваходзіць таксама Эфіопія (41%), Гвінея (30%) і Іран (28%).


“Па папярэдніх дадзеных, інфляцыя ў Беларусі ў гэтым годзе рэкордная. Ужо нават за першае паўгоддзе мы былі ў лідарах… І па выніках года, хутчэй за ўсё, гэта будзе абсалютны рэкорд”, - працягвае Вадзім Іосуб.


2011 год быў няпростым для Егіпту. Нечакана, але нават тут інфляцыя троху знізілася! І ў сярэдзіне года складала 8,5%. У іншай афрыканскай краіне, Марока, цэны за год выраслі на 17,4%.


Інфляцыя ў Расіі дасягнула гістарычнага мінімуму – 6,1%. Найбольш стабільнай сітуацыя застаецца ў Нарвегіі і Іспаніі (0,2% і 0,1% адпаведна), Італія, Эстонія, Фінляндыя і Літва не перавышаюць 1,5%, і толькі Турцыя падышла да рысы ў 9,8%.


Такім чынам, эканоміку Беларусі можна назваць гіперінфляцыйнай. Хаця да абсалютнага рэкорду нам яшчэ далёка, кажа эканаміст.


Іосуб: “Інфляцыя да 10% лічыцца паўзучай, ад 10% да 50% - галапіруючая, звыш 50% за год – гэта гіперінфляцыя. Пры такой класіфікацыі Беларусь трапляе ў гіперінфляцыю, хаця да сусветных рэкордаў гэта далёка. Абсалютны рэкорд па інфляцыі быў у 1945-46гг. у Венгрыі, там былі лічбы з 20-30 нулямі!”


Наколькі гэта праблемна, і да чаго можа прывесці? Вадзім Іосуб кажа, што пакуль незваротных наступстваў можна пазбегнуць.


Іосуб: “Самае небяспечнае, што грошы пачынаюць губляць сваю функцыю. Яны не могуць быць не толькі сродкам зберажэння, а нават сродкам назначэння цаны, бо калі так змяняюцца цэны, то ўсе назначаюць цэны ва ўмоўных адзінках. Але такія цяжкія наступствы ўзнікаюць на працягу досыць працяглага тэрміну існавання гіперінфляцыі. Пакуль у Беларусі ўсё будзе залежаць ад таго, як у ўрада атрымаецца ўзяць інфляцыю пад кантроль у гэтым годзе”.


У тым, што атрымаецца ўтрымаць інфляцыю ў межах 20-22%, эканаміст сумняваецца, але разлічвае, што яна будзе значна, як мінімум удвая, меншая, чым у мінулым годзе.


Нагадаю, што Беларусь перажывала жорсткую інфляцыю з 1994 па 2002 гады. У 1995 годзе інфляцыя ў краіне склала 244%.


“Каб апынуцца ў такой сітуацыі, трэба яшчэ 2-3 гады…” - кажа Вадзім Іосуб.


Будзем спадзявацца, што мы ў ёй усё ж такі не апынёмся.

Фота: dengi.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі