Эксклюзіўнае фота затрымання абвінавачванага ў тэракце

Пасля затрымання 12 красавіка ў абвінавачванага ў тэракце Уладзіслава Кавалёва экспертыза зафіксавала пашкоджанні. 


Згодна з дадзенымі экспертызы 13-25 красавіка, якія зачыталі ў судзе па справе тэракта ў мінскім метро, у абвінавачванага Кавалёва знайшлі драпіны на падбародку, кісці, перадплеччы і на калене. Згодна з меркаваннем экспертаў, яны нанесеныя цвёрдым тупым прадметам.


Сам Уладзіслаў Кавалёў сказаў на папярэднім следстве, што параніўся на працы. То бок да затрымання меў гэтыя траўмы.


Еўрарадыё атрымала фотаздымак Кавалёва ў момант затрымання. На ім Кавалёў сядзіць на падлозе ў кватэры, рукі трымае за спінай, за ім бачна чалавека ў чорным. Нейкіх слядоў і бачных траўм на твары не відаць.

Маці абвінавачванага Любоў Іванаўна Кавалёва гаворыць, што таксама не бачыць слядоў збіцця.


"Тут не бачна ніякіх траўм. Твар абсалютна чысты. Следства казала, што нібыта іх маглі пры затрыманні стукнуць. На фота відаць, што пры затрыманні іх ніхто не біў".



У галоўнага абвінавачванага па справе тэракта ў метро Дзмітрыя Канавалава экспертыза таксама знайшла сінякі на грудзях, жываце і плячах, якія з'явіліся прыкладна за 5-6 дзён да затрымання. Таксама эксперты знайшлі сінякі і раны на сцягне і з боку грудной клеткі даўнасцю ад аднаго да двух дзён. Затрымалі Канавалава 12-га красавіка, а экспертыза праходзіла з 13-га.


Падчас першага допыту, паказанага на судзе, адна з прысутных Наталля Паходня была ў першых радах і добра разгледзела Канавалава.


"Асабіста я пабачыла, што ў яго быў моцна ацёклы твар і ўся галава. Увесь час яму было кепска. І на руках я пабачыла ўвагнутасць, нібыта яны былі раней чымсьці пераціснутыя. Вось гэта я пабачыла. Мне падаецца, што ў яго магла быць чэрапна-мазгавая траўма. Зрэнкі ў яго былі моцна пашыраныя".


Канавалаў патлумачыў на папярэднім следстве, што атрымаў пашкоджанні падчас затрымання. У матэрыялах справы гаворыцца, што разглядалася магчымасць аказання супраціўлення і выбуху, таму ўжыванне фізічнай сілы да Канавалава было вымушаным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі