Эксперт: Бяру “чарнілы” з сырам, бо страўнік засцілае
“Гэта да вінаградных прадукты падаюцца. А да пладова-ягадных не ведаем, што там падаецца”, — шчыра адказваюць на “Слонімскім вінзаводзе”.
На беларускай выставе ў Рызе краіна выставіла віно айчыннае палепшанай якасці: “Світанак над Шчарай” і “Беларускае застолле” ад “Слонімскага вінзавода”.
“У ім градусы не за кошт спірту, а за кошт браджэння”, — упэўніваюць Еўрарадыё на заводзе.
З чым ужываць гэтыя напоі, на заводзе нам парэкамендаваць не могуць. А калі пытаемся пра паслясмак і букет, вінаробы прыгадваюць… водар беларускага віна:
“У нас толькі водар. Вінаграднае — гэта ж іншае. А водар залежыць ад віна: якія там ягады, такі і водар. У “Світанку над Шчарай” там яблыкі, клубніцы і журавіны. Гэта да вінаградных прадукты падаюцца. А да пладова-ягадных — не ведаю, што там падаецца”.
Каб спытаць, з чым ужываць беларускія пладовыя віны, вартыя міжнародных выстаў, кіруемся у краму-кавярню “Падмурак”. Рабочы Генадзь Мікалаевіч раіць заядаць віно сырам.
“З сырам найлепш, страўнік засцілае”, — адказвае мужчына і нечакана прапануе скінуцца на бутэльку “Вермута”.
Наступны за ім у краму заходзіць пенсіянер. Кажа, што ўжывае віно без закускі.
У краме набываем для эксперыменту віно “Світанак над Шчарай”. Бутэлька закупораная звычайным пластыкавым коркам, як воцат!
На этыкетцы абяцаюць “экстракт сухіх ягад: бузіны, ароніі і чорныя парэчкі”.
І водар, які прыгадвалі на заводзе, сапраўды адчуваецца. Але пахне больш яблыкамі, чым журавінамі з клубніцамі.
Абяцаных 18 градусаў не заўважна, але, відавочна, цукру на заводзе не пашкадавалі. З нязвычкі атрымліваецца зрабіць толькі два маленькія глыткі.
І ўжо праз 10 хвілінаў бачна: градусаў у віне сапраўды, як абяцалі, — 18. А з этыкеткі на бутэльцы папярэджваюць: “выпіў — не сядай за руль”. Дзякуй, не будзем.
Фота: povarenok.ru