ЕС прапануе 2 мільярды еўра за беларускіх палітвязняў?
Нібыта такую суму прапанаваў кіраўнік МЗС Балгарыі Мікалай Младэнаў за вызваленне палітвязняў.
Таксама балгарскі міністр прапанаваў афіцыйнаму Мінску аднаўленне адносін з Еўрасаюзам. Пра гэта са спасылкай на газету Rzeczpospolita піша "Хартыя'97". На думку польскай газеты, апублікаваць таемныя дамоўленасці Лукашэнкі і Младэнава прапанаваў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Гэтак ён спадзяваўся паўплываць на Беларусь, каб яна не зацягвала выкананне сваёй часткі дамовы.
Нагадаем, гэтая сустрэча адбылася напрыканцы жніўня. Паведамлялася, што Младэнаў узяў на сябе ролю перамоўніка паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пра вынікі сустрэчы кіраўнік балгарскай дыпламатыі паведаміў вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і міністрам азмежных спраў краін ЕС.