Еўракасамія: ЕС гатовы разгледзець увядзенне эканамічных санкцый
Пра гэта заявіў еўракамісар па рэгіянальнай палітыцы Ёханэс Хан.
“Еўрапейскі Саюз будзе абмяркоўваць магчымасць дадаць у існы санкцыйны спіс новыя імёны людзей, адказных за апошнія судовыя прысуды і нядаўнія рэпрэсіі. ЕС гатовы разгледзець далейшыя кропкавыя захады ва ўсіх сферах супрацоўніцтва”. З такой заявай на дэбатах у Еўрапарламенце 10 сакавіка выступіў еўракамісар па рэгіянальнай палітыцы Ёханэс Хан (Johannes Hahn).
Па яго словах, Еўракамісія чакала, што судовыя прысуды могуць быць жорсткімі.
Ёханэс Хан: “На жаль, пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі нас не здзіўляе. Шырокамаштабныя затрыманні і пераслед кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў пасля выбараў прымусілі чакаць жорсткіх прысудаў. І мы непакоімся, што ў бліжэйшыя месяцы будуць вынесеныя іншыя падобныя прысуды ў дачыненні да прыблізна 40 чалавек”.
Ёханэс Хан нагадаў, што Еўракамісія прыняла рашэнне павялічыць дапамогу грамадзянскай супольнасці ў 4 разы – да 15.6 млн еўра на перыяд 2011-2013 гг., якая мусіць падтрымаць незалежныя СМІ і студэнтаў, уключна з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні.
Апрача таго, ЕС выдзяляе 1.7 млн еўра на тэрміновую падтрымку пацярпелым ад рэпрэсій, іх сем'ям ды грамадзянскай супольнасці. Перадусім яна будзе выражацца ў прававой падтрымцы пацярпелым, недзяржаўным арганізацыям і грамадзянскім кампаніям, дадаў еўракамісар.