Еўрапарламентарый: я не надта і верыў, што мяне ўпусцяць у Беларусь
Марэк Мігальскі, якога знялі на мяжы з цягніка беларускія памежнікі, распавёў пра гэта Еўрарадыё
Уначы з 14 на 15 жніўня ў Беларусь не ўпусцілі Марка Мігальскага. Дэпутата Еўрапарламента ад Польшчы знялі з цягніка беларускія памежнікі падчас перасячэння мяжы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам еўрапарламентарый.
Мігальскі: Я ехаў цягніком, які ўвечары а дзевятай гадзіне выехаў з Варшавы. Мяжу мы перасякалі апоўначы. З польскага боку не было ніякіх праблем. Калі надышла чарга беларускага кантролю, памежнік узяў мой пашпарт, а потым вярнуўся ў вагон і сказаў, каб я збіраў рэчы і пакінуў цягнік. У Беларусь я ехаў па запрашэнні праваабарончага цэнтра “Вясна”. Таксама ў мяне былі запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі шэрагу няўрадавых арганізацыяў, сем’ямі палітычных вязняў і журналістамі. Аднак аказалася, што гэта неяк перашкаджае беларускім уладам.
Еўрарадыё: Як адрэагавалі іншыя пасажыры на тое, што вас здымаюць з цягніка?
Мігальскі: Ніякай рэакцыі з іх боку не было, бо ніхто з памежнікаў не агучыў прычын, па якіх я быў павінны пакінуць цягнік.
Еўрарадыё: Куды вас адвялі потым?
Мігальскі: Мяне завялі ў будынак беларускай памежнай службы. Там у калідоры я чакаў, пакуль памежнік, які ўзяў мой пашпарт, прынясе яго. Потым ён вярнуўся ў кампаніі некалькіх афіцэраў, якія паведамілі мне, што я не магу ўехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Я запытаўся пра прычыну, але на сваё пытанне канкрэтнага адказу не атрымаў.
Еўрарадыё: Ці падазравалі вы, што падобны сцэнарый можа мець месца на беларускай мяжы?
Мігальскі: Ад беларускіх калег, ад людзей, з якімі супрацоўнічаю, я меў інфармацыю, што мяне ў Беларусь не ўпусцяць. Аднак мне хацелася самому праверыць гэта на практыцы. Акрамя таго, я ведаю, што мая дзейнасць, скіраваная на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, мякка кажучы, не падабаецца беларускім уладам. Таму і па гэтай прычыне я сумняваўся, што змагу перасячы мяжу.
Еўрарадыё: Ці маеце вы намер аспрэчваць рашэнне беларускіх уладаў не ўпусціць вас ў Беларусь?
Мігальскі: Вядома, я дашлю беларускім уладам афіцыйны ліст, у якім запытаюся, на якой падставе я апынуўся неўязным. Акрамя таго, буду звяртацца да кіраўнікоў Еўрапарламента і Польскага МЗС, каб тыя таксама задалі пытанні такога характару ўладам Беларусі.
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі напрыканцы размовы падкрэсліў, што інцыдэнт на мяжы ніяк не паўплывае на ягоную далейшую дзейнасць, якая ёсць і будзе скіраваная на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.