Еўрарадыё “рассакрэціла” кантракт на будаўніцтва АЭС

120724 Savi4_Aes.mp3

Еўрарадыё заўважыла, што ў 2012 годзе на сайце pravo.by няма ніякіх дакументаў па Астравецкай АЭС. Але ж генеральны кантракт на будаўніцтва атамнай станцыі падпісаны!

“Зразумейце, мы не робім з яго сакрэту, нейкай таямніцы. Але калі мы будзем крычаць: "Ура, давай прыходзь-чытай", — напэўна, гэта будзе няправільна", — разважаюць у Астраўцы, у дырэкцыі будаўніцтва АЭС.

Добра ведаючы, што з кантрактам, тым больш генеральным, тым больш на АЭС, не жартуюць, тэлефаную ў адміністрацыю дырэкцыі будаўніцтва АЭС.

“Ці можна паглядзець генеральны кантракт?” — без хітрыкаў пытаюся ў чыноўніка.

Такой просьбе мала сказаць, што здзіўляюцца: “Ну, вы ж не паказваеце свой працоўны кантракт ўсім беларусам? Так і мы. Кантракт датычыцца бакоў, якія яго падпісалі”.

Пасля непрацяглых перамоваў Еўрарадыё даведваецца, што ў прынцыпе дакумент паглядзець можна. Але кожнае такое жаданне будзе разглядацца асобна, бо “ці мала чаго каму гэты дакумент патрэбны”.

Дырэкцыя будаўніцтва АЭС: "Прыйшоў чалавек з вуліцы: "Хачу пачытаць!" Пытанне такое першае будзе: "Навошта табе гэта?". Ці то інфармацыю нейкую хоча вывудзіць? Вось нядаўна прыйшоў чалавек, таксама: “Хачу пачытаць”, а ў яго 18 пытанняў — цэлая кандыдацкая дысертацыя!” — гавораць нам і дадаюць, што наўрад ці каму “гэты талмуд” патрэбен.

Нарэшце карэспандэнту Еўрарадыё кажуць, што дакумент можна паглядзець. Натуральна, пад наглядам у Астраўцы!

“У нас ёсць пагадненне аб канфідэнцыйнасці. Не мы ж адныя ўладальнікі кантракта. Але калі вы асабіста прыйдзеце ў кабінет, папросіце дакумент, а мы на вас паглядзім уважліва, дастанем з сейфа дакумент і вы яго прагартаеце. Вядома, з сабой вам ніхто яго не дасць”, — акрэсліваюць умовы ў дырэкцыі будаўніцтва.

Прашу выслаць дакумент на электронную пошту.

“Не, ну вы што! З ўсімі разлікамі коштаў, ну вы што! — абураецца чыноўнік і дадае кантрольны аргумент: — Там некалькі дзясяткаў старонак, з дадаткамі, я тут ўсю лінію перагружу!”

І тут Еўрарадыё вырашыла не рызыкаваць з небяспекай для будучай АЭС...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі