Еўрарадыё шукала "добрыя пладовыя віны"
"Пакупнікі з Віцебску і Оршы любяць віны чырвонага колеру, а Паставы, Браслаў, Полацк — аддаюць перавагу светлым па колеры вінам".
У адказ на забарону рэалізаваць “бырла” віна-гарэлачныя заводы і камбінаты пачалі вытворчасць новага пакалення добрых пладовых він.
Тэлефаную на харчовы камбінат “Весялова”, дзе, згодна з рэкламай на сайце, вырабляюць пладова-ягадныя віны.
На пытанне “Якія ў вас добрыя пладовыя віны ёсць?” — дзяўчына ў прыёмнай “Весялова” ажно папярхнулася, але хутка ўзяла сябе ў рукі:
“Добрыя віны?.. “Маленькая правінцыя”, "Весялоўскае традыцыйнае" і “Імперыя сонца” — у нас ўсе віны павышанай якасці”.
Пасля кароткага анонсу добрых пладовых він мне, як дзяўчына дзяўчыне, рэкамендуе напой “Чорная дама” — брэнд камбіната. Віно мае Гран-пры на міжнароднай выставе ў Сочы, а таксама 17 залатых і шэсць срэбных медалёў на іншых выставах. Як ўявіла, што п’ю віно з двума дзясяткамі медалёў — аж ў роце пасмачнела!
“Амаль такое ж па смаку — віно “Маленькая правінцыя”, — расказвае далей дзяўчына.
Стоп! Як аднолькавае?
На гэтую абмоўку дзяўчына заўважае, што паводле смаку віны амаль аднолькавыя, сама яна не п'е, але, маўляў, на заводзе яго дэгустуюць і яна таксама прыгубіла...
На Віцебскім віна-гарэлачным заводзе сваю прадукцыю як мінімум паважаюць: “У нас усе пладовыя віна добрыя”.
Прашу парэкамендаваць мне выдатнае віно, на што агент завода здзіўляе дасведчанасцю:
“Пакупнікі з Віцебску і Оршы любяць віны з насычаным яркім, чырвоным колерам і нізкім складам цукру, заходнія рэгіёны — Паставы, Браслаў, Полацк — аддаюць перавагу светлым колерам віна. Адпаведна, калі вы віцебскі пакупнік, магу парэкамендаваць вам насычаныя чырвоныя віны — “Парэчкавы водар”, “Вясёлая кадрыль”, “Партавін” і “Брыганціна”. Дарэчы, “Браганціну” добра бяруць, магчыма, маляваны караблік на этыкетцы асабліва прываблівае пакупніка”, — тлумачыць гандлёвы агент віна-гарэлачнага завода Дзяніс Бястаеў.
Брыганціна з караблём? Дайце дзве!
На Талачынскім кансервавым заводзе він з прыстойнай біяграфіяй шмат — гэта і ягадныя віны з натуральным спіртам, і пладовыя, і пладова-ягадныя. Добрае, на думку тэхнолага, віно з ягад — на выбар віно з агрэста, малін, парэчак. Але яно “не знайшло свайго пакупніка”.
“Толькі ў вялікіх гарадах купляюць — былі на выставе ў Мінску, яго дэгуставалі і некалькі фур разабралі. А ў райпа ў вёсках людзі больш любяць пладовыя з 18-19%. Мы пакуль што толькі прывучаем пакупнікоў да натуральных напояў, кажам, што гэта натуральна, карысна”, — заўважае майстар камбіната Марына Анатольеўна.
Ёсць на заводзе і лінейкі мадэравых і партвейнавых він.
“Калі ў Крыме "Мадэра" віно з вінаграда, то ў нас з пладоў”, — тлумачыць нанатэхналогіі жанчына.
Да таго ж на заводзе заклалі партыю марачных він з дубовай дранкай, якія будуць гатовы толькі праз год. Нягледзячы на шырокі асартымент, знайсці прадукцыю камбіната ў Мінску цяжка. Майстар заўважае, што іх алкаголь бяруць у асноўным па Віцебскай вобласці — у сталіцу цяжка прарвацца. Не лёс!
Дарэчы, як заўважылі ў Слуцку, забарона на рэалізацыю “бырла” закрыла і цэлую галіну вытворчасці на заводзе: выпускаць віно пладова-ягаднае стала нявыгадна — у раёне прадаваць яго забаранілі, а вазіць у суседнія рэгіёны — нерэнтабельна.
Фота — bymedia.net