FEMEN: Калі вырашым, што час дзейнічаць, мы гэта зробім
Прадстаўніца ўкраінскага жаночага руху “FEMEN” Аляксандра Шаўчэнка расказала Еўрарадыё пра планы руху датычна Беларусі.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да беларускіх акцыяў маўклівага пратэсту і апладэсментаў на прагулах па горадзе кожную сераду?
Шаўчэнка: “Я, канешне, прыхільнік больш радыкальных пратэстаў, але я разумею сітуацыю ў Беларусі, што вельмі складана дзейнічаць радыкальна, бо гэта можа пацягнуць за сабой страшэнныя наступствы для актывіста, для яго сям’і і, магчыма, для жыцця. І, канешне ж, я падтрымліваю беларусаў, падтрымліваю гэтыя акцыі. Мы неаднаразова з дзяўчатамі прыходзілі на акцыі каля беларускага пасольства. Мы рабілі і свае акцыі супраць Лукашэнкі. Мы падтрымліваем беларускія ініцыятывы”.
Еўрарадыё: Ці ў бліжэйшы час плануеце нейкую акцыю ў падтрымку беларускага народу?
Шаўчэнка: “Бліжэйшы час, я б не сказала, што нешта плануем, але мы ўвесь час сочым за падзеямі ў Беларусі. Мы кожны дзень сустракаемся з беларускімі апазіцыянерамі ў Кіеве, увесь час абмяркоўваем з імі сітуацыю ў Беларусі, рэакцыю сусветнай супольнасці на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы сочым за сітуацыяй. І калі мы вырашым, што час дзейнічаць, то мы гэта зробім”.
Еўрарадыё: Удзельнікаў акцыяў маўчалівага пратэсту ў Беларусі досыць брутальна затрымліваюць людзі ў цывільным, ёсць выпадкі збіцця, штрафуюць і даюць “суткі”. Як на вашыя акцыі рэагуць украінскія праваахоўныя службы?
Шаўчэнка: “За акцыі, асабліва за акцыі супраць дзейснага прэзідэнта Януковіча, я асабіста адседзела 6 сутак. Прычым, мы як жаночы рух дзейнічаем ужо на працягу 3,5 гадоў і такія жорсткія меры ў дачыненні да пратэстуючых нашых актывістаў сталі прымяняцца пасля таго, як да ўлады прыйшоў Януковіч”.