FEMEN: Мужчыны не гатовыя да таго, каб іх жанчыны пратэставалі топлес

Летась яшчэ пра рух FEMEN мала хто ведаў за межамі Украіны. Але цягам апошняга года ўкраінскія топлес-феменісткі зладзілі акцыі ў шэрагу еўрапейскіх краін. І толькі ў Ватыкане, прызнаецца Аляксандра Шаўчэнка, праваахоўныя органы актыўна спрабавалі перашкодзіць

Аляксандра Шаўчэнка: “Мы былі ў Варшаве, у Цюрыху, у Рыме, у Парыжы, у Ватыкане праводзілі акцыю. З усіх гэтых гарадоў нас спынілі толькі ў Ватыкане дзяўчатам не далі нават падыйсці да плошчы Святога Пятра. І толькі мне ўдалося нейкім цудам, з дапамогай шпіёнскіх здольнасцяў праціснуцца на гэтую плошчу незаўважанай”.

На фота: Аляксандра Шаўчэнка на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане падчас нядзельнай месы пад балконам Папы Бенедзікта XII. Актывістка выказала пратэст “папскай патрыярхальнай прапагандзе, якая навязвае свету сярэднявечнае ўяўленне пра жанчыну, яе сацыяльную і культурную місіі”. Актывісткі правялі 4 гадзіны ў паліцэйскім пастарунку і толькі дзякуючы ціску СМІ пазбеглі дэпартацыі.


Ніякіх наступстваў гэтае шпіёнскае пранікненне для Аляксандры не мела — нават шэнгенскую візу не анулявалі, штраф не выпісалі. Акцыі ж у іншых гарадах Еўропы, у параўнанні з Кіевам, дзе дзяўчатам даводзілася за свае топлес-акцыі сядзець “на сутках”, феміністка параўноўвае з турыстычнай прагулкай.

Аляксандра Шаўчэнка: “Паліцыя да нас падыходзіла, запісвала нашы імёны, хто мы, адкуль. Казалі: “Ага! Так вы не проста так цыцкі паказваеце каля дома Дамініка Строс-Кана, вы не збіраецеся нікога спакушаць вы пратэстуеце супраць яго сэксуальных дзеянняў”. Яны не бягуць, заплюшчыўшы вочы, хапаць дзяўчат, якія нешта сказалі супраць улады, а разбіраюцца ў тым, што гэта сапраўды дэмакратычны жаночы пратэстны рух. Яны жадаюць поспеху і сыходзяць”.


На фота: Падчас грамадскіх хваляванняў у Рыме, актывісткі FEMEN далучыліся да дэманстрантаў, якія выступалі за тэрміновую адстаўку прэм’ер-міністра Італіі Берлусконі. Дзяўчаты былі топлес, але размаляваныя ў колеры італьянскага сцяга.


Пасля прывычнай да ўсяго Еўропы, дзяўчаты выйшлі топлес ў Маскве — пратэставалі супраць фальсіфікацый на расійскіх парламенцкіх выбарах.

На фота: У Маскве актывісткі руху FEMEN звярнуліся ля храма Хрыста Выратавальніка да ўсіх “нябёсных і зямных сілаў” з заклікам, дапамагаць вальнадумнай Расіі ў барацьбе з крамлёмўскім самаўладдзем. Падчас акцыі адной з актывістак ахоўнікі вывіхнулі руку.

І да апошняга часу, прызнаецца кіраўнічка руху FEMEN Ганна Гуцол, лічылі тую паездку самай небяспечнай. Да Мінску.

Ганна Гуцол: “Калі мы думалі, што падзеі ў Маскве з разборкамі з аховай, з уцёкамі ад паліцыі, са спробай таемна выехаць з Расіі гэта было вельмі крута і жорстка, то Беларусь прадэманстравала наколькі больш жорстка можа быць. Страшна было не апынуцца ў міліцыі ці ў КДБ, а страшна было знікнуць без вестак. Толькі дзякуючы СМІ нашы дзяўчаты засталіся жывымі”.


Ноч з 19 на 20 снежня і частку наступнага дня калегі па руху Іны Шаўчэнкі, Аляксандры Нямчынавай і Аксаны Шачко, іх родныя і блізкія правялі “на тэлефонах”, кажа кіраўнічка FEMEN. І хваліць хлопца Аксаны, маўляў, паводзіў сябе годна — як і належыць хлопцу актывісткі руху.

Ганна Гуцол: “Ён вялікі малайчына абарваў усе тэлефоны! Калі даведаліся, што яны ў вёсцы Бекі, сабраўся ехаць туды на машыне мы яго спынілі, сказалі, што без дыпламатычных службаў людзі без пашпарта, збітыя не змогуць выехаць з краіны. Ён паводзіў сябе годна, адэкватна як і належыць хлопцу актывісткі руху FEMEN”.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што адбылося ў Беларусі, украінскія femen’істкі плануюць ужо бліжэйшым часам зладзіць некалькі акцый.

Ганна Гуцол: “Будуць новыя паездкі ў Беларусь! Ужо ёсць дзяўчаты, якія хочуць паехаць, але мы пакуль абмяркоўваем гэта пытанне.”.

Гэтая заява нарадзіла пытанне пра тое, хто ж такія, гэтыя феменісткі, хто можа стаць сябрам руху, і ці ёсць абмежаванні “арыентацыі” дзяўчат?

Ганна Гуцол: “Феменізм не заўсёды лесбіянства. У нас звычайныя жанчыны, у якіх ёсць муж і дзеці, есць хлопцы. Мы не акцэнтуем увагу на тым, хто з кім спіць. Мы гатовыя кожнаму дапамагаць у сям’і, у выхаванні дзіцяці калі дзяўчына, жанчына хоча ўзяць удзел у нашым руху, для нас яе сямейнае становішча не з’яўляецца перашкодай. Галоўнае, каб яе мужчына не перашкаджаў ёй быць у жаночым руху. Бо большасць мужчын пакуль што не гатовыя, каб іх жанчыны былі актыўнымі, былі моцнымі і пратэставалі топлес”.


На фота: У Кіеве побач з Адміністрацыяй прэзідэнта Украіны FEMEN правялі акцыю “Казачная краіна”, накіраваную супраць “расійска-кубінска-мытнасаюзнага геапалітычнага курса Украіны”. Гэтая акцыя таксама завяршылася затрыманнем актывістак.


Усе жанчыны працуюць — ёсць толькі чатыры функцыянеры, якія атрымліваюць заробак у FEMEN. Як даведалася Еўрарадыё, грошы на існаванне руху і на ўсе свае акцыі феменісткі атрымліваюць з двух крыніц — спонсары і гандаль сувенірнай прадукцыяй.

Ганна Гуцол: “Мы маем апякунскі савет гэта людзі, якія дабрачынна дапамагаюць нам фінансава. Плюс мы ўжо больш за два гады маем уласную краму “FEMEN-шоп”, у якой ёсць футболкі, кубкі, сумкі, сувенірная прадукцыя, карціны. Рух жыве, развіваецца, мае магчымасць паехаць у іншыя краіны за кошт рэалізацыі тавараў з крамы”.

На фота: Выказваючыся супраць правядзення Еўра-2012 у Украіне, актывісткі FEMEN білі посуд на адкрыцці стадыёна “Арэна-Львоў”. Актывісткі называлі чэмпіянат “самай грандыёзнай карупцыйнай схемай стагоддзя”. Усе удзельнікі акцыі былі жорстка затрыманыя міліцыяй.


Пакуль ніхто з украінскіх дэпутатаў ці міністраў не быў заўважаны ў прыхільнасці да руху топлес-феміністак. Ды і яны, кажа Гуцол, не імкнуцца знайсці там сяброў — маўляў, усе дэпутаты сёння прадстаўляюць інтарэсы алігархаў, ім абыякавыя праблемы людзей. На выбарах жа феменісткі звычайна галасуюць “супраць усіх”.

Фота: femen.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі