Футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі выйграў “Беларускі рух”
Традыцыйны турнір “Кубак свабоды” адбыўся ў Мінску 18 жніўня.
Каманда аргкамітэту па стварэнні “Беларускага руха” выйграе гэтыя спаборніцтвы другі год запар, паведамляе БелаПАН. Згодна з рэгламентам, кожная каманда згуляла з астатнімі, пераможца быў выяўлены па колькасці набраных ачкоў.
“Беларускі рух” выйграў чатыры гульні і адну скончыў нічыёй. На другім месцы каманда Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на трэцім — Беларускага Хельсінкскага камітэту. У турніры таксама прымалі ўдзел каманды Беларускай асацыяцыі журналістаў, Партыі БНФ, руху “За Свабоду”. Не абышлося без траўмаў: руку зламаў брамнік БАЖ Міхась Янчук.