Гатэль Мірскага замка: Расіяне за год на навагоднія святы месцы браніравалі
Сустрэць Новы год у кампаніі расіян у беларускіх санаторыях, лепшых гатэлях і на горналыжных курортах яшчэ магчыма.
“Тут у асноўным, вядома, расіяне. Яны раней пачалі варушыцца — за год нават. За паўгода. Але беларусы таксама ёсць”, — расказваюць Еўрарадыё ў Мірскім замку.
Гасцям прапаноўваюць адмысловую святочную праграму: за 700-800 долараў можна не толькі сустрэць свята ў старажытных замкавых сценах, але і па пасёлку на брычцы ці санях пакатацца.
“Будуць і катанні, і забавы розныя. Вось, у лазню гасцей павязем. У мінулым годзе не было снегу, то на вазках каталіся. Шашлыкі на вуліцы”.
Не знайшоўшы месцаў у Мірскім замку, тэлефаную ў гатэль Нясвіжскага палаца. Там нумары яшчэ засталіся, хоць расіяне таксама актыўна іх рэзервуюць. У гатэлі папярэджваюць, што трэба паспяшацца. Кошты ў Нясвіжы больш дэмакратычныя, чым у Міры — ад 245 тысяч рублёў за суткі ў аднамесным нумары, да 1 млн. 850 тысяч рублёў за VIP-нумар.
Прабіцца ў беларускія санаторыі на навагоднія святы яшчэ складаней, чым у разрэкламаваныя замкі. У Расіі навагоднія святы традыцыйна адзначаюцца два тыдні і нашы ўсходнія суседзі прыязджаюць адпачываць і лячыцца ў Беларусь. У санаторыі МУС “Белая Русь” усе вольныя нумары расхапалі за некалькі дзён.
“Мы пачыналі браніраванне з 1 верасня. У першыя ж дні ўсё закрылася. Для грамадзян Беларусі ў нас адзін дзень з лячэннем — 320 тысяч рублёў у святочны перыяд. Але ў нас санаторый, і таму людзі мінімум на 12 дзён прыязджаюць”.
Для грамадзян Расіі кошты ў “Белай Русі” вышэйшыя — па 500 тысяч рублёў за суткі. Але іх гэткая дыскрымінацыя не спыняе.
З гарналыжнымі курортамі тая ж гісторыя. У Лагойску мне расказваюць, што рэзервацыя месцаў пачалася на пачатку кастрычніка, тады ж і закончылася. Усе нумары ў гатэлі хутка расхапалі. Нягледзячы на неслабыя кошты.
“Калі размяшчэнне ў двухпакаёвым доміку, то за пражыванне — 300 долараў. Плюс — 10 долараў сняданкі з чалавека. І за банкет на навагоднюю ноч з чалавека ў рэстаране 130 долараў”.
І ўсё ж, калі вельмі пастарацца, то месцы ў беларускіх санаторыях ды гатэлях яшчэ можна знайсці. Толькі кошты кусаюцца. За суму ад 40 да 100 долараў за суткі Новы год можна сустрэць і ў Празе, і нават у Парыжы.
“Мы пачыналі браніраванне з 1 верасня. У першыя ж дні ўсё закрылася. Для грамадзян Беларусі ў нас адзін дзень з лячэннем — 320 тысяч рублёў у святочны перыяд. Але ў нас санаторый, і таму людзі мінімум на 12 дзён прыязджаюць”.