“Гавары праўду!” раскажа пра “Ўладу за кратамі”

Чарговы праект кампаніі “Гавары праўду!” мае інтрыгавальную назву — “Улада за кратамі”. Актывісты кампаніі маюць намер збіраць звесткі пра асуджаных за карупцыйныя злачынствы чыноўнікаў. Праўда, як патлумачыла Еўрарадыё каардынатар праекта Таццяна Процька, мэта кампаніі — не збіраць звесткі пра карупцыйныя злачынствы чыноўнікаў, а паспрабаваць разабрацца, ці усе асуджаныя сапраўды былі карупцыянерамі.

Таццяна Процька: “Мы часта чуем нараканні на дзеянні дзяржаўных чыноўнікаў. Але ўзнікла пытанне: сапраўды гэтыя людзі, якія кіруюць нашай дзяржавай, такія злодзеі ці нешта тут не тое? І калі мы пачалі працаваць над гэтым праектам, то ўбачылі, што не вельмі салодкае жыццё і ў гэтых чыноўнікаў. Праект атрымаў развіццё і цяпер называецца “Ўлада за кратамі”.


Да прэзентацыі са Страсбурга па скайпе далучыўся кіраўнік праекта Аляксандр Фядута. Ён згадаў, што менавіта абяцанні змагацца з карупцыяй дапамаглі Аляксандру Лукашэнку першы раз перамагчы ў прэзідэнцкіх выбарах.

Аляксандр Фядута: “Але потым высветлілася, што карупцыя працягвае існаваць, а барацьба з ёй стала нагодай для барацьбы з асобнымі чыноўнікамі, асобнымі кіраўнікамі, якія чамусьці сталі непатрэбнымі кіраўніку дзяржавы”.



Фядута прызнаў, што сярод пакараных чыноўнікаў сапраўды былі хабарнікі і тыя, хто здзейсніў эканамічныя злачынствы. Але, кажа, не толькі яны. І новы праект кампаніі закліканы паказаць на канкрэтных прыкладах лёс беларускай наменклатуры падчас кіравання Лукашэнкі.

Для таго, каб было больш зручна збіраць інфармацыю аб асуджаных чыноўніках, “Гавары праўду!” стварыла адмысловы сайт. Як расказала ягоны кіраўнік Аліна Гляменка, інтэрнэт-старонка разлічаная не толькі на тое, каб выкладаць інфармацыю па тэме, але і каб чыноўнікі, іх сваякі і сябры маглі расказаць сваю крыўду.



На сайце ўжо ёсць гісторыі асуджаных чыноўнікаў. Збіраў іх актывіст кампаніі Ігар Драко.

Ігар Драко: “У першую частку ўвайшлі гісторыі, як мы іх называлі, V.I.P.-ы. Гэта тыя, хто доўгі час прабыў за кратамі ці пабылі ў СІЗА некалькі месяцаў, а пасля быў суд і іх адпусцілі. Гэта былі гучныя гісторыі. А былі людзі, якія працавалі ў Адміністрацыі прэзідэнта, былі дэпутатамі. Яны былі, а потым знікалі. І больш пра іх не было ніякай інфармацыі”.

Да прэзентацыі віртуальна, па тэлефоне, далучыўся былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Ён упэўніў, што асабіста яго пакаралі не за карупцыю, а за палітычныя рознагалоссі з прэзідэнтам.

Васіль Лявонаў: “Калі глядзець на тое, за што мяне пасадзілі за краты, то адказ на гэта пытанне відавочны: толькі палітычныя рознагалоссі. Гэта барацьба з тым, хто інакш мысліць”.

Еўрарадыё пацікавілася ў кіраўніка праекта Аляксандра Фядуты, ці не спадзяюцца “някляеўцы” з дапамогай новага праекта перацягнуць на свой бок чыноўнікаў.

Аляксандр Фядута: “Я б сказаў троху больш карэктна — нагадаць чынавенству пра той лёс, які яго чакае, калі ўлада Аляксандра Лукашэнкі будзе працягвацца. Мы спрабуем давесці сваім праектам, што не асобы, а сістэма з’яўляецца ворагам чынавенства як класа. І трэба гэтую сістэму ламаць. Але зламаць яе могуць толькі самі чыноўнікі”.

Фядута лічыць, што магчымасць падзяліцца сваёй версіяй падзей трэба даваць нават сапраўдным карупцыянерам. І выказаў упэўненасць, што патрэба ў такім сайце будзе і пасля выбараў. Нягледзячы на тое, чым яны скончацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі