"Гавары праўду!" распачала серыю сустрэч з фігурантамі па справе Плошчы
З ініцыятывы кампаніі "Гавары праўду!" 14 красавіка ў Мінску прайшла першая сустрэча дзесяці фігурантаў "справы 19 снежня".
На яе сабраліся палітыкі, якіх вінавацяць у арганізацыі ды падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама члены іх сем'яў.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з удзельнікаў сустрэчы – Сяргей Вазняк.
Вазняк: “Агулам дзесяць фігурантаў, але прыйшлі восем. З саміх фігурантаў былі я, Дзмітрыеў, Фядута, Наста Палажанка, Віталь Рымашэўскі. Ад траіх прадстаўнікоў былі родныя – была маці Ірыны Халіп, маці Сяргея Марцалева і была жонка Дзмітрыя Бандарэнкі. Родныя Паўла Севярынца не змаглі прыйсці. Вольга Някляева планавала прыйсці, але яна прыхварэла, таму патэлефанавала і выбачылася”.
На думку Вазняка, усім камандам экс-кандыдатаў у прэзідэнты неабходна стварыць агульны цэнтр, які б каардынаваў дапамогу пасля падзеяў 19 снежня.
Кампанія "Гавары праўду!" мае намер правесці серыю такіх сустрэч сярод фігурантаў "справы 19 снежня" і членаў іх сем'яў. На сустрэчах будуць абмяркоўвацца актуальныя для палітвязняў праблемы.