"Газета выборча": Працэс Пачобута стане лакмусавай паперкай
Віцэ-шэф замежнага аддзелу “Газеты выборчай” Раман Імельскі пракаментаваў Еўрарадыё інфармацыю пра закрыты для прэсы працэс Пачобута.
7 чэрвеня стала вядома, што судовы працэс над журналістам "Газеты выборчай" і актывістам непрызнанымі ўладамі Беларусі Саюза палякаў Андрэем Пачобутам пройдзе ў закрытым рэжыме. Віцэ-шэф замежнага аддзелу “Газеты выборчай” Раман Імельскі паведаміў Еўрарадыё, што такое рашэнне з’яўляецца скандальным, а сам працэс — палітычным:
“Гэта, безумоўна, скандал. Рашэнне суда аб правядзенні працэса над журналістам у закрытым рэжыме сведчыць аб тым, што гэты працэс з’яўляецца палітычным. Для мяне гэта тым больш сумна, бо гэта датычыць майго калегі. Пачобут не зрабіў ніякага злачынства, абвінавачванне супраць яго сфабрыкавана, а абвінавачанні смешныя і гэта даказалі ўсе юрысты, да якіх мы звярталіся па прававую дапамогу.
Тое, што працэс робяць тайным, сведчыць пра страх беларускага рэжыму, ён баіцца асмяшэння падчас гэтага працэсу. За судовымі дзвярыма Андрэя можна будзе асудзіць, магчыма, нават на 4 года зняволення, бо столькі пагражае яму за, нібыта, абразу і непавагу прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
У абвінавачванні пададзены тэкст, у якім Андрэй нават слова не узгадаў пра Лукашэнку, не было там ні слова “дыктатар”, “прэзідэнт Беларусі” і г. д. Гэта сведчыць толькі пра якасць абвінавачання. Вядома, што ў Беларусі няма справядлівасці...".
Спадар Імельскі адзначыў, што калі Пачобута асудзяць на зняволенне, то, безумоўна, польскі бок будзе абскарджваць гэтае рашэнне. Але сам ён прагназуе, што паўплываць на гэты працэс будзе амаль немагчыма.
Імельскі: “Мы, безумоўна будзем абскарджваць рашэнне... Не ведаю, ці гэта на нешта паўплывае... Міжнародная акцыя падтрымкі Андрэя Пачобута набыла вялікі размах у свеце і стала вельмі гучнай у Еўропе. "Міжнародная амністыя" прызнала журналіста вязнем сумлення. Ежы Бузэк два разы вельмі востра выказваўся наконт справы Андрэя Пачобута. Кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Кэтрын Эштан таксама вельмі моцна выказвалася ў гэтай справе. Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні Беларусі і патрабуе вызвалення Андрэя.
Акцыю, якая праводзіцца з мэтай вызвалення Пачобута, падтрымалі міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг, міністр замежных спраў Швецыі Карл Більд, віцэ-міністр замежных справаў Нямеччыны Карнэлія Піпэр. Справу Пачобута згадаў прэзідэнт ЗША Барак Абама, падчас паездкі ў Польшчу".
Раман Імельскі адзначыў, што яны будуць і надалей асвятляць справу Пачобута ва ўсіх структурах Еўрапейскага Саюзу. І выказвае меркаванне, што працэс вырашылі зрабіць закрытым менавіта з прычыны таго, што гэтая справа атрымала такі розгалас ва ўсім свеце.
Імельскі: “Лукашэнка, яго людзі баяцца, што занадта шмат людзей з усяго свету будуць глядзець на гэты працэс, як на лакмусавую паперку правоў грамадзянаў і апазіцыі ў Беларусі.
Тое, што адбываецца з Андрэем, з’яўляецца сімвалам падзеяў у Беларусі. Вельмі суровыя вырокі былі вынесеныя апазіцыйным экс-кандыдатам у прэзідэнты. Суровыя прысуды таксама былі вынесены некалькім дзесяткам іншых людзей, якія "ўдзельнічалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў", як гэта называюць беларускія ўлады... Такіх рэпрэсіяў на Беларусі не было даўно”.
Кіраўнік замежнага аддзелу “Газэты выборчай” дадаў, што прагнозы справы над Андрэям Пачобутам выглядаюць песімістычна.
Фота — reporter.by