Генадзь Лоска: Чытаю сваёй маленькай Алесі казкі па-беларуску

Пераможцам першага польскага спеўнага конкурсу "X-Factor" стаў 36-гадовы беларус Генадзь Лоска, які ўжо амаль 20 гадоў жыве ў Польшчы. У якасці галоўнага прызу ён атрымае кантракт на запіс альбома, яго рэкламу і 100 тысяч злотых (каля 37 тысяч долараў). Дагэтуль Генадзь Лоска зарабляў тым, што граў на варшаўскіх вуліцах.

Еўрарадыё: Вы перамаглі ў польскім конкурсе "Х-фактар". На вашую думку, чым вы адрозніваліся ад астатніх канкурсантаў, што за вас прагаласавала столькі чалавек?

Лоска: "Не ведаю, шчыра кажучы. Я проста спяваў".

Еўрарадыё: Нехта з беларускіх калегаў вас павіншаваў з перамогай?

Лоска: "Так, шмат хто. Мае калегі з Гродна, напрыклад".

Еўрарадыё: Вы заўважылі, што пасля перамогі ў гэтым конкурсе ваша папулярнасць узрасла?

Лоска: "Так. Але я яшчэ магу ездзіць на цягніках, магу ездзіць на аўтобусах".

Еўрарадыё: Ці ў вашым рэпертуары ёсць песні на беларускай мове?

Лоска: "Спяваў... Я спяваў песню "Песняроў" "Касіў Ясь канюшыну". Мы запісалі гэтую песню з гуртом "Seven B"... Таксама ў новым альбоме мы хочам адну-дзве песні запісаць па-беларуску. Гэта будуць народныя песні, мы яшчэ выбіраем".

Еўрарадыё: Вы будзеце працягваць граць у гурце "Seven B" ці рабіць сольную кар'ёру?

Лоска: "Выключна з камерцыйных мэтаў гэта будзе "Gienek Loska Band", а пасярэдзіне будзе напісана маленькімі літаркамі: "Гэта ўсё жарт. Гурт вышэйназваны называецца "Seven B".

Еўрарадыё: Пасля гэтай перамогі плануеце прыехаць у Беларусь? Можа быць з вулічным канцэртам?

Лоска: "Я граў на вуліцах Гродна. І скажу вам шчыра, што зарабіў столькі ж, колькі і ў польскіх гарадах Кракаў, Вроцлаў. Беларусы вельмі шчодрыя... Я планую рабіць канцэрт прыкладна восенню, ці троху пазней, гэта будзе хутчэй за ўсё ў Гродне, або, магчыма, у нейкім клубе ў Мінску".

Еўрарадыё: У Польшчы вы знаходзіцеся ад 1992 года, ці адчуваеце сваю прыналежнасць да Беларусі?

Лоска: "Канешне. Я вельмі добра ведаю менталітэт людзей у Беларусі, сачу за палітычнай сітуацыяй, у тым ліку ў сваім родным горадзе" (Белаазёрску — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: У вас ёсць дачка. Ці збіраецеся вы ёй распавядаць пра яе карані?

Лоска: "Ёй 4,5 гады. Калі я ёй чытаю казкі па-беларуску, то яна разумее. Перапытвае часам у мяне па-польску: "Што там волк рабіў?". Яна таксама была ў Беларусі. Дарэчы, яе завуць Алеся. Яна такая палеская русалка, такая маленечкая беларусачка".

Фота — gazeta.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі