Гігін: Я чакаў, што іх раней за парламенцкія выбары вызваляць не будуць

120405 Luka6uk Vyzvalenne.mp3

Абяцанне Аляксандра Лукашэнкі вызваліць кагосьці з палітвязняў выглядае як спроба выйсці з дыпламатычнага канфлікту, лічыць палітолаг Юрый Шаўцоў. Але калі гэта і так, то ніякіх саступак Еўрасаюзу афіцыйны Мінск гэтым вызваленнем не робіць.

Юрый Шаўцоў: “Калі ўмовай іх вяртання з’яўляецца задавальненне з боку Лукашэнкі прашэнняў палітзняволеных аб іхнім вызваленні, то з яго боку ніякіх істотных саступак няма. Прашэнне Саннікава аб вызваленні ляжала ў Лукашэнкі на стале яшчэ да пачатку канфлікту. Хутчэй за ўсё, ён яго і будзе задавальняць”.

Гэта вызваленне стане падставай для паступовага вяртання ў Мінск амбасадараў краін ЕС, упэўнены Шаўцоў. І пакуль яны не прыедуць у Беларусь, спадзявацца на пачатак шырокіх дыпламатычных перамоў і стасункаў паміж Мінскам і еўрасталіцамі не даводзіцца. Ды й, лічыць палітолаг, нам гэта асабліва і не трэба: вынікі знешняга гандлю ў нас апошнія два месяцы такія, што ўсім на зайздрасць. Калі гэта захаваецца і надалей, то "абдымкі" з палітычнай Еўропай не вельмі і патрэбныя.

Заява кіраўніка краіны аб магчымым вызваленні палітвязняў палітолага Вадзіма Гігіна прывяла ў разгубленасць. На яго думку, вызваляць палітычна мэтазгодней было бліжэй да парламенцкіх выбараў.

Вадзім Гігін: “Я ўвогуле чакаў, што іх раней за парламенцкія выбары вызваляць не будуць. Магчыма, гэта было і не зусім мэтазгодна, калі пралічваць крокі. Бо будзе пэўная эскалацыя падчас парламенцкіх выбараў і таму, магчыма, пасля іх можна чакаць пэўнага пацяплення і крокаў насустрач адзін аднаму”.

Дыпламатычная вайна, кажа Гігін, можа, і мела нейкае дачыненне да прыняцця рашэння аб вызваленні палітвязняў, але не непасрэднае. Маўляў, ідзе нармальная прававая працэдура вызвалення: напісанне прашэння аб памілаванні, праверка дабравольна напісання гэтага прашэння, пасяджэнне камісіі па памілаванні і г.д.

І гэты палітолаг не чакае пасля вызвалення вязняў ніякіх крокаў у адказ ад ЕС.

Вадзім Гігін: “Санкцый ніхто адмяняць не будзе, эскалацыя канфлікту будзе бліжэй да парламенцкіх выбараў. Зараз ужо можна казаць, што незалежна ад таго, як яны будуць праводзіцца, Еўрасаюз іх не прызнае”.

На яго думку, Мінск даў магчымасць Брусэлю захаваць аблічча і вярнуць сваіх амбасадараў у Беларусь, карыстаючыся гэтым вызваленнем. Але палітычнай і юрыдычнай рэабілітацыі вызваленых не будзе, сцвярджае Гігін.

Мы ад ЕС не чакаем нічога — ні крэдытаў, ні пацалункаў. Еўрапалітыкі гэта выдатна разумеюць, дадае Шаўцоў, і будуць больш клапаціцца аб вызваленні ўсіх, чым аб рэабілітацыі ўжо вызваленых.

Юрый Шаўцоў: “Хутчэй за ўсё, усіх не вызваляць, і таму застанецца пытанне проста аб вызваленні тых, каго на Захадзе лічаць палітзняволенымі. А пытанне пра рэабілітацыю — другаснае”.

Палітолаг Юрый Чавусаў не згодны з папярэднімі суразмоўцамі Еўрарадыё. Ён перакананы: менавіта жаданне выйсці з дыпламатычнай вайны, ціск ЗША і краін ЕС на афіцыйны Мінск, іх жорсткая пазіцыя і прымусілі Лукашэнку пайсці на такі крок. А аналітык Уладзімір Мацкевіч нагадвае пра парламенцкія выбары.

Уладзімір Мацкевіч: “Гэта ўсё гульня, нагнятанне абстаноўкі для таго, каб пад выбары зрабіць дэкаратыўныя крокі ліберальныя і праз гэта выгандляваць для рэжыму пэўныя прэферэнцыі”.

Хутчэй, пагаджаюцца палітолагі, еўрапейскія дыпламаты вернуцца ў Мінск бліжэйшым часам. Але на большае Мінску асабліва разлічваць на даводзіцца.

Уладзімір Мацкевіч: “Сітуацыя зацягнутая да такой ступені, што само па сабе вызваленне некалькіх людзей не паўплывае на змену еўрапейскай палітыкі, еўрапейскага стаўлення да Беларусі”.

Асабліва, калі не будзе палітычнай і юрыдычнай рэабілітацыі вызваленых. На думку Мацкевіча, для Еўропы акурат гэта другасным пытаннем не з’яўляецца. Вось толькі Лукашэнка на гэта не пойдзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі