Глыбоцкія ўлады вывезлі чалавечыя косці ў балота (фота)
Гэта адбылося падчас пашырэння вуліцы Азёрнай у Глыбокім.
Падчас работ па пашырэнні гэтай вуліцы былі выкапаныя чалавечыя парэшткі і каменны крыж. Раней тут стаяла царква, што згарэла ў 1880 годзе, і каля яе былі могілкі. Цяпер на гэтым месцы стаіць універмаг, рэстаран і прыватная крама.
Некалькі машын з грунтам, дзе былі парэшткі людзей, вывезлі проста ў балота.
Адзін з глыбоцкіх настаўнікаў арганізаваў некалькі чалавек, каб перасеяць грунт і пахаваць парэшткі людзей па-хрысціянску. Сваё імя ён папрасіў не называць: маўляў, робіць гэта не напаказ, а проста выконвае свой абавязак.
Падчас працы было сабрана шмат фрагментаў чалавечых костак. Было вырашана працягнуць гэтую працу і ў сераду.
Дарэчы, магілы былі раскапаныя ў пятніцу ўвечары, а ў нядзелю над Глыбокім пранёсся страшны ўраган. Шмат хто з глыбачанаў звязвае гэтыя падзеі паміж сабой.