Гурт "Ляпис Трубецкой" рыхтуе моцна палітызаваны альбом
Новыя песні музыкі прэзентуюць падчас канцэрту ў Смаленску 3 сакавіка.
Гурт "Ляпис Трубецкой" актыўна працуе над новым альбомам. Матэрыял для яго ўжо цалкам напісаны.
"Песні ўсе будуць вельмі баявыя, жорсткія, ці маршападобныя, ці зусім хардкор-хардкор, – апісвае новую працу “Ляпісаў” прэс-сакратар гурта Аляксандр Бергер. – Адпаведна, і паводле тэматыкі гэта будзе дастаткова моцна палітызаваны альбом. Але, паводле словаў Міхалка, да тых песень, што ўжо выйшлі, там не будзе нейкай агіткі ў лоб. Такой, каб можна было зразумець, што гэтая песня пра Расію, а гэтая – пра Беларусь".
Музыкі ўжо прэзентавалі песні "Не быць скотам" і "Путинарода", якія будуць на новым дыску. А вось які трэк будзе прэзентаваны наступным, пакуль не вядома. Зараз "Ляпісы" аддалі некалькі гатовых трэкаў розным кліпмэйкерам, сярод якіх і тыя, што раней з імі не супрацоўнічалі. І менавіта тая кампазіцыя, якая першай атрымае відэашэраг, з'явіцца хутчэй.
Паралельна з гэтым гурт "Ляпис Трубецкой" падрыхтавалі новую канцэртную праграму "Не быць скотам", якую прэзентуюць падчас канцэрту ў Смаленску 3 сакавіка. На гэтым канцэрце музыкі абяцаюць сыграць зусім новыя песні. Дарэчы, квіткі на гэты канцэрт можна набыць і ў Мінску. Разам з праездам да Смаленску яны каштуюць 300 000 рублёў. Праўда, колькасць месцаў абмежаваная і бліжэй да канцэрта квіткі будуць даражаць.
Даведкі па тэлефоне:
+375 17 280 15 10 (с 10:00 до 17:00 будні)
+375 33 6555596 (с 9:00 до 20:00)
+375 29 6555596 (с 9:00 до 20:00)